Рэзідэнцыя be’kech у Берліне: распрацуй сацыяльны праект

be’kech – вядомая культурная пляцоўка і антыкафэ ў Берліне, – прапануе магчымасць на працягу месяца працаваць у яе каворкінгавай прасторы. Рэзідэнцыя be’kech пачынаецца ў лістападзе 2018 года для падтрымкі сацыяльных актывістаў/к і даследчыкаў/ц, якія прадстаўляюць розныя сацыяльныя групы. Рэзідэнцыя be’kech запрашае да ўдзелу кандыдатаў/к ад 18 гадоў. Перавага аддаецца прадстаўнікам меншасцяў, маргіналізаваных груп і жанчынам. Дэдлайн – 3 верасня 2018 года.

Праграма прапануе скарыстацца дадзенай магчымасцю для працы над праектам у наступных вобласцях (іх можна разумець максімальна шырока):

  • Пашырэнне магчымасцяў жанчын, асабліва ў аспекце вывучэння вопыту сацыяльнай меншасці;
  • Міжкультурная дынаміка расы і рэлігіі;
  • Міграцыйная палітыка і вопыт міграцыі (еўрапейскі, шырэй – сусветны).

 

Абраныя кандыдаты/кі атрымаюць магчымасць бясплатнага доступу да каворкінгавай прасторы be’kech для ажыццяўлення ўласнага праекту\даследавання. Бясплатны доступ прадугледжвае ежу і напоі. Акрамя таго, удзельнікі/цы атрымаюць магчымасць бясплатнага пражывання ў Берліне на месяц.

Вынікам удзелу ў рэзідэнцыі be’kech стане прэзентацыя ўласных праектаў рэзідэнтаў. У якасці выпускнога праекту ўдзельнікі/цы праводзяць розныя мерапрыемствы, сярод якіх выставы, семінары і воркшопы, грамадскія акцыі, адкрытыя дыскусіі і інш.

Рэзідэнцыя be’kech прадугледжвае:

 

  1. Візавую падтрымку (пры неабходнасці);
  2. Пакрыццё выдаткаў на дарогу і пражыванне ў Берліне на 1 месяц;
  3. Безлімітны пропуск да каворкінгавай прасторы be’kech.

 

Каб стаць рэзідэнтам be’kech, трэба даслаць  сваё CV/партфоліа і матывацыйнае пісьмо аб’ёмам не больш за 1 старонку. У матывацыйным пісьме трэба паведаміць пра сваю дзейнасць і інтарэсы, адзначыць, як вы плануеце скарыстацца магчымасцямі рэзідэнцыі be’kech.

Крыніца: edu-active.com