Публічная лекцыя Андрэя Лянкевіча «Сучасная фатаграфія без фотаапарата»

Публічная лекцыя Андрэя Лянкевіча «Сучасная фатаграфія без фотаапарата» прысвечана новым тэндэнцыям ў сучаснай фатаграфіі, якія пашыраюць разуменне фатаграфіі, пазіцыі і ролі фатографа. А менавіта як выявы, зробленыя з дапамогай камер Google (тэхналогіі  Google Street view), ці  фота для кампутарных гульняў, можна выкарыстоўваць у сучаснай фатаграфіі. Лекцыя адбудзецца 19 студзеня (пятніца), 17:00 – 19:00. Наведванне лекцыі бясплатнае, але колькасць месцаў абмежаваная, таму да 15 студзеня неабходна зарэгістравацца.

Слухачы пазнаёмяцца з творчасцю аўтараў, якія працуюць у гэтым напрамку: Aixia Li, Denis Darzacq, Roger Ballen, Siarhej Hudzilin, Jon Rafman, Michael Wolf.

Падчас лекцыі будуць закранутыя пытанні легалізацыі падобных малюнкаў, а таксама асветленыя спосабы перакладу лічбавых малюнкаў, створаных камерамі назірання, у традыцыйныя формы фатаграфіі на прыкладзе праектаў сучасных фатографаў, якія працуюць з жанрам партрэта, выкарыстоўваючы здымкі камер знешняга назірання і камер Google.

Таксам разгледзім разнастайныя падыходы ў сучаснай фатаграфіі, у аснове якіх ляжыць прысваенне або запазычанне фотаздымкаў, выкарыстанне выяваў, да стварэння якіх фатограф не датычны. У прыватнасці, выкарыстанне архіўных фотаздымкаў (у тым ліку сямейных), знойдзеных фотаздымкаў. Слухачы пазнаёмяцца з прыкладамі праектаў сучасных фатографаў, якія працуюць у гэтым напрамку: Ali Mobasser, Andreas Olesen, Martina Bacigalupo, Thomas Dworzak.

На лекцыі таксама пройдзе абмеркаванне этычных аспектаў  і аўтарскага права ў выпадку фатаграфічнай апрапрыяцыі, у залежнасці ад тэрыторыі, на якой зробленыя фатаграфіі, дзе яны будуць выкарыстаныя і выстаўленыя.

Крыніца: baj.by