Прыём заявак на Прэмію Цёткі для пісьменнікаў/ц і ілюстратараў/к
Чацвёрты сезон Прэміі Цёткі, якая прысуджаецца за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. На конкурс прымаюцца кнігі 2018 года, напісаныя на беларускай мове. Кожны лаўрэат/ка атрымае грашовы прыз, эквівалентны 2000 даляраў. Каб падаць кнігу на конкурс, трэба да 31 студзеня запоўніць форму на сайце ciotka.by.
Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі аўтары і мастакі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
Прэмія Цёткі мае дзве намінацыі:
- за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі);
- за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару). Рашэнне па вызначэнні пераможцы ў кожнай намінацыі прымае асобнае журы.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года пры падтрымцы фонда "Вяртанне". За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі", Валер Гапееў з кнігай "Мая мілая ведзьма" і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна "Азбука. Вясёлы вулей".
Крыніца: pen-centre.by