Прыём заявак на гадавую праграму Х’юберта Хамфры ў 2020-2021 навучальным годзе (ЗША)

Амбасада ЗША ў Беларусі аб’яўляе конкурс на ўдзел у праграме Х’юберта Хамфры ў 2020-2021 навучальным годзе. Стыпендыі праграмы прапануюцца спецыялістам і спецыялісткам, якія маюць адпаведны прафесійны вопыт і здольнасць у поўнай меры скарыстацца самастойнай праграмай незалежнага навучання ў адным з вядучых універсітэтаў ЗША. Удзельнікі і ўдзельніцы праграмы атрымліваюць сертыфікат ад урада ЗША, але праграма не прадугледжвае магчымасці атрымання вучонай ступені. Заяўкі прымаюцца анлайн, неабходна прыкласці ўсе дакументы да 11 жніўня 2019 года (23:59).

Пасля нацыянальнага адбору кандыдатуры прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак на ўдзел у праграме будуць разгледжаны незалежнымі адборачнымі камітэтамі і Саветам па замежным стыпендыям Дж. Уільяма Фулбрайта ў ЗША. Фіналісты ды фіналісткі праграмы, абраныя для ўдзелу ў доўгатэрміновых дадатковых курсах англійскай мовы, будуць аб’яўлены ў лютым 2020 года. Астатнія ўдзельнікі і ўдзельніцы праграмы будуць аб’яўлены ў сакавіку-красавіку 2020 года.

Праграма Х’юберта Хамфры прадстаўляе магчымасць дасведчаным спецыялістам/кам з Беларусі і іншых краін свету прайсці гадавую стажыроўку ў ЗША для правядзення навуковай працы і павышэння прафесійнага майстэрства. Праграма была распачата ў 1978 годзе і атрымала сваю назву ў гонар былога амерыканскага сенатара і віцэ-прэзідэнта Х’юберта Харэйша Хамфры.

Праграма дае падставу для стварэння працяглых сувязей паміж грамадзянамі Злучаных Штатаў Амерыкі і іх калегамі ў іншых краінах, спрыяе абмену ведамі, а таксама садзейнічае дасягненню ўзаемаразумення ў свеце. Стыпендыі прадастаўляюцца на конкурснай аснове кваліфікаваным кандыдатам і кандыдаткам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія плануюць надалей працаваць у дзяржаўным ці прыватным сектары.

Конкурсныя дысцыпліны на 2020-2021 навучальный год:

Устойлівае развіццё

  • Развіццё сельскай мясцовасці і сельскай гаспадаркі;
  • Эканамічнае развіццё/Фінансы і банкаўская справа;
  • Прыродныя рэсурсы, экалагічная палітыка і змяненне клімату;
  • Гарадское і рэгіянальнае планаванне.


Будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў

  • Камунікацыя і журналістыка
  • Заканадаўства і правы чалавека
  • Аналіз дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнае кіраванне
  • Прафілактыка і палітыка ў адносінах гандлю людзьмі
  • Кіраванне і выпрацоўка палітыкі ў галіне тэхналогій
  • Кіраванне чалавечымі рэсурсамі


Адукацыя

  • Кіраванне, планаванне і палітыка ў галіне адукацыі
  • Кіраванне вышэйшай адукацыяй
  • Выкладанне англійскай мовы як замежнай


Ахова здароўя

  • Кіраванне і выпрацоўка палітыкі ў галіне аховы здароўя
  • Прафілактыка ВІЧ/СНІД
  • Адукацыя, прафілактыка і лячэнне злоўжывання наркатычнымі рэчывамі


Кандыдаты і кандыдаткі на ўдзел у праграме павінны адпавядаць наступным патрабаванням:

• Быць грамадзянамі ды грамадзянкамі Беларусі;
• Мець дыплом аб вышэйшай адукацыі (ступень бакалаўра і вышэй);
• Мець не менш за пяць гадоў прафесійнага стажу;
• Дэманстраваць лідарскія здольнасці і імкненне прыносіць карысць грамадству;
• Добра ведаць англійскую мову (неабходна будзе здаць экзамен TOEFL).

Умовы ўдзелу:

Праграма Х’юберта Хамфры аплачвае міжнародны пералёт, кошт навучання ва ўніверсітэце, медыцынскую страхоўку, а таксама прадастаўляе штомесячную стыпендыю і сродкі для набыцця падручнікаў і ўдзелу ў прафесійных мерапрыемствах. Праграма не пакрывае выдаткі на знаходжанне ў ЗША суправаджаючых асоб.

Каб даведацца больш аб Праграме Х’юберта Хамфры, калі ласка, наведайце афіцыйны англамоўны сайт праграмы.

За дадатковай інфармацыяй, калі ласка, звяртайцеся ў Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША па тэлефоне 375-17-210-12-83 / дад. 5612.

Крыніца: by.usembassy.gov