Прэзентацыя ініцыятывы Цытуй сваё! у Мінску

9 лютага 2016 года ў Мінску пройдзе прэзентацыя ініцыятывы "Цытуй сваё!". У студзені 2016 года выйшаў у свет зборнік цытатаў беларускіх мысляроў "Цытуй сваё!" - на выданне зборніка праз краўдфандынг-платформу "Талакошт" ахвяравалі свае сродкі больш за 80 чалавек. Партнёрам выдання стаў "Беларусский журнал".

Грамадская кампанія "Цытуй сваё!" стартавала ў траўні 2015 года. За гэты час было сабрана больш за 250 цытат розных беларускіх мысляроў, літаратараў, навукоўцаў і гістарычных дзеячаў, якія дасылалі самыя розныя людзі.

Разам з выбітнымі беларускімі мастакамі была створана галерэя дызайнерскіх саколак з цытатамі. Макеты саколак зараз ёсць у свабодным доступе на адмысловай вэб-старонцы. Калі ласка, пампуйце макеты, замаўляйце ў цэнтрах друку саколкі прывабнай для вас мадэлі і насіце абраныя прынты сабе і ўсім на радасць!

Пачатак прэзентацыі - а 18-й гадзіне. Адрас: Studio 67 (Мінск, пр-т Машэрава 9, корпус 8, 2-гі паверх, уваход праз прахадную завода "Гарызонт").

Падчас прэзентацыі будуць прадстаўленыя цытатнік і саколкі, а таксама раскрыюцца таямніцы і падрабязнасці працэсу іх стварэння і далейшыя планы на Год беларускага мыслення. У праграме - "падзякі і падарункі" для ўсіх, хто дапамагаў у зборы выбітных думак і выданні цытатніка, цікавыя госці і выступоўцы. 

Крыніца: Budzma.by