Першы ў Гродне курс па падрыхтоўцы да выхаду на пенсію
Развівацца, падарожнічаць, сустракацца з цікавымі людзьмі, умела кіраваць сваімі фінансамі, падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, кіраваць сваімі эмоцыямі – вы так бачыце сваё жыццё на пенсіі? Калі не – спяшайцеся запісацца на першы ў Гродне курс па падрыхтоўцы да выхаду на пенсію (31 траўня–2 чэрвеня). Удзел у курсе бясплатны! Запрашаюць жыхароў Гродна ва ўзросце вышэй за 50 год, якія яшчэ працуюць, але ў хуткім часе плануюць выйсці на пенсію. Анкеты прымаюцца анлайн да 25 траўня 2019.
Запісацца можна па тэлефоне + 375 33 634 10 41 альбо па электроннай пошце [email protected]
Пасля выхаду на пенсію многія людзі аказваюцца сам на сам з рэаліямі новага жыцця: пагаршэнне фінансавага дабрабыту (пенсія ў сярэднім складае каля 40% ад заробку), развітанне з працоўным калектывам часта суправаджаецца з’яўленнем праблем са здароўем, стратай блізкіх, адчуваннем адзіноты і непатрэбнасці. Самастойна справіцца з выклікамі новага жыцця зусім не проста.
У межах курса вы сплануеце сваю будучыню, пазнаёміцеся з рознымі варыянтамі арганізацыі дадатковай працоўнай занятасці, атрымання важных для жыцця ў сучасным грамадстве кампетэнцый, развіцця сваіх творчых здольнасцей, працы на карысць грамадства. Вы даведаецеся пра “Ўніверсітэт Залатога Веку”, пра іншыя пляцоўкі, якія дапамогуць вам адчуваць сябе паўнавартасным і сучасным чалавекам.
Асобны блок заняткаў будзе прысвечаны таму, як эканоміць і рацыянальна выкарыстоўваць свае фінансы, куды іх можна ўкладаць, за кошт чаго можна мець дадатковы да пенсіі прыбытак.
Яшчэ адзін блок будзе прысвечаны псіхалагічнай падрыхтоўцы да выхаду на пенсію, чаго варта пазбягаць у сітуацыі выхаду на пенсію, якія эмацыйныя і псіхалагічныя змены могуць быць і як з імі спраўляцца і як пераарыентаваць сваё жыццё ў новых умовах.
Новыя знаёмствы, зручнае месца, душэўная атмасфера на занятках, цікавыя формы навучання з прафесійнымі экспертамі – усё гэта чакае вас на нашым курсе.
Крыніца: edustudio.by