Па-за межамі стэрэатыпаў: Журналісцкі вэбінар па правах людзей з інваліднасцю

11 траўня 2016 года Ўніверсітэт навін Інстытута Пойнтера (ЗША) ладзіць бясплатны вэбінар (на ангельскай мове) для прадстаўнікоў СМІ па асвятленні тэм, звязаных з інваліднасцю. Вэбінар спансуецца Фундацыяй Маккорміка (Злучаныя Штаты) і мае мэтай паказаць лепшыя спосабы і практыкі аповеду гісторый пра інваліднасць (у тым ліку з пункту гледжання прасоўвання правоў людзей з інваліднасцю).

Вядоўцы вэбінару: Лоўрэнс-Картэр Лонг (Associated Press, New York Times, Washington Post, Guardian, USA Today) - прадстаўнік Нацыянальнай рады па інваліднасці (федэральнае амерыканскае агентства), Дэвід Перры (Al Jazeera America, Guardian, Washington Post, інш.) - прафесар Дамініканскага ўніверсітэта, журналіст, які спецыялізуецца на тэме інваліднасці.

Запрашаюцца медыяспецыялісты і журналісты, якія хочуць пазбавіцца стэрэатыпаў пра інваліднасць і ўдасканаліць навыкі напісання гісторый гэтай тэматыкі. У прыватнасці, навучэнцы даведаюцца:

- як пазбегнуць тыповых памылак, якія прыніжаюць годнасць людзей з інваліднасцю;

- якім чынам звязваць гісторыі пра людзей з інваліднасцю з матэрыяламі пра іншыя супольнасці (міжсектарная журналістыка);

- як убачыць асобу за спісам медыцынскіх вызначэнняў.

Пачатак - а 21-й гадзіне (па мінскім часе). Запіс на вэбінар ажыццяўляецца на гэтай старонцы. Дадатковая інфармацыя - тут.

 

Крыніца: Mladiinfo.eu.