Новы набор у Школу журналістыкі «10 крокаў да якаснай журналістыкі» (Мінск)

Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у партнёрстве з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў запрашаюць прыняць удзел у конкурсным адборы ў школу журналістыкі, у першую чаргу сябраў БАЖ і студэнтаў старэйшых курсаў ВНУ, якія маюць цікавасць да журналістыкі і жадаючых набыць навыкі працы ў медыйнай сферы. Дэдлайн: 30 верасня.

Школа журналістыкі «10 крокаў да якаснай журналістыкі» арыентавана на набыццё практычных навыкаў, неабходных для працы ў СМІ. Таму заняткі ў Школе будуць весці вядучыя беларускія журналісты-практыкі, якія маюць вялікі досвед працы ў медыя і прайшлі спецыяльны трэнерскі курс пад кіраўніцтвам Еўрапейскага вяшчальнага саюзу (Акадэміі Еўрабачання). Удзел у Школе дае магчымасць студэнтам набыць новыя веды і навыкі працы ў журналістыцы, а таксама атрымаць рэкамендацыю на ўступленне ў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што адкрывае доступ да ўсіх сервісаў ГА "БАЖ".

Кандыдаты і кандыдаткі, якія прайшлі конкурсны адбор (анкетаванне і сумоўе) будуць залічаны на курс з 10 трэнінгаў па 3 дні кожны. Школа стартуе ў кастрычніку 2017 г. i працягнецца 6 месяцаў. Заняткі будуць праходзіць у Мінску, у пятніцу, суботу і нядзелю (не больш за 2 разы на месяц). У Школе прадугледжаны практычныя заданні, удзел у медыйных праектах, персанальныя кансультацыі.

Журналісты і журналісткі, якія паспяхова прайшлі ўсе этапы навучання, атрымаюць Дыплом (дыплом з адзнакай) аб заканчэнні курсаў, найбольш актыўным і крэатыўным ўдзельнікам прадугледжаны і іншыя бонусы, звязаныя з павышэннем іх кваліфікацыі.

Крыніца: baj.by