Навучальныя візіты ў Польшчу

Польская няўрадавая арганізацыя "Цэнтр супрацоўніцтва моладзі" ("Centrum Współpracy Młodzieży") запрашае маладых людзей з Беларусі, Украіны, Малдовы і Калінінградскай вобласці Расіі наведаць горад Гдыню (Польшча) у фармаце 2-тыднёвай навучальнай паездкі. Мэта візіту - знаёмства з Польшчай, адміністратыўнай і адукацыйнай сістэмай, наведванне дзяржаўных і грамадскіх установаў, знаёмства з польскай культурай і моўная практыка.

Навучальны візіт пройдзе з 20 красавіка па 1 траўня 2015 года. Фундатар праекта - гарадская ратуша горада Гдыні.

Місіяй "Цэнтра супрацоўніцтва моладзі" ("Centrum Współpracy Młodzieży") ёсць падтрымка развіцця дэмакратычнага і адкрытага грамадства у Польшчы і за яе мяжой.

Кандыдаты мусяць:

- мець больш за 18 гадоў;

- быць студэнтамі, грамадскімі актывістамі, прадстаўнікамі мясцовых НДА;

- вольна валодаць рускай мовай;

- быць грамадзянамі Беларусі, Украіны, Малдовы ці Расіі;

- быць актыўнымі і ініцыятыўнымі.

Удзельнікі праекта даведаюцца пра развіццё Польшчы з часоў камуністычнага перыяду да сучаснага сяброўства ў Еўразвязе.

Арганізатары забяспечваюць пражыванне ў інтэрнаце і харчаванне, пакрываюць транспартныя выдаткі, а таксама ўсе выдаткі, звязаныя з мерапрыемствамі праграмы, і аказваюць візавую падтрымку. Працоўная мова - руская.

Для ўдзелу набходна да 31 студзеня 2015 года запоўніць анлайн-анкету. Апісанне праекта знаходзіцца тут.

 

Паводле Adukacyja.info.