Набор на летнік «Месца Беларусі ў Еўропе» (Варшава)

Рух «За Свабоду» запрашае маладых беларусаў на летнік «Месца Беларусі ў Еўропе», які пройдзе з 25 па 30 ліпеня ў Варшаве. Арганізатары бяруць на сябе аплату праезду, пражывання (для усіх узроўняў школаў) і дапамогу ў візавай падтрымцы (для тых, хто пройдзе адбор). Узроставыя абмежаванні ўдзельнікаў: 18-30 год. Анкету запоўніць да 25 траўня 2018.

Для ўдзелу неабходна анкету запоўніць да 25 траўня ўключна, адно з пытанняў якой гучыць так: «У чым адметнасць Беларусі». На падставе гэтай інфармацыі будзе праведзены конкурсны адбор, вынікі якога будуць абвешчаныя да 1 чэрвеня.

Студэнты і студэнткі даведаюцца пра тое, як Беларусі і беларусам «заваяваць» Еўропу, як нашу краіну бачаць суседзі, у чым нашы плюсы, мінусы і адметнасць. Навучанне ў Школе Руху «За Свабоду» будзе найбольш цікавае тым, хто жадае заставацца «ў трэндзе» еўрапейскіх тэндэнцыяў, арыентавацца ў тым, куды лепей рухацца Беларусі, і чаму трэба навучыцца самому, каб не губляцца сярод «новых» прафесіяў.

У гэтым годзе ўпершыню Рух «За Свабоду» прадстаўляе двухузроўневае навучанне. Першы этап — гэта тры рэгіяльныя школы ў Беларусі. Першая з гэтай серыі школа пройдзе ў Мінску 2-3 чэрвеня, яшчэ дзве — у сярэдзіне і напрыканцы чэрвеня у адным з абласных цэнтраў на захадзе і ўсходзе Беларусі.

Навучанне будзе падзелена на чатыры блокі: палітыка, эканоміка, гісторыя і культура. Сярод выкладчыкаў школаў у прыватнасці будуць эканаміст Сяргей Чалы, гісторык Уладзімір Арлоў, палітолаг Рыгор Астапеня.

Лепшыя ўдзельнікі і ўдзельніцы рэгіянальных школаў працягнуць навучанне ў Варшаве. Там большы акцэнт будзе зроблены на замежных экспертаў, адбудуцца сустрэчы з дэпутатамі сейма Польшчы, прадстаўнікамі польскага мясцовага самакіравання, вядомымі замежнымі экспертамі.

Крыніца: pyx.by