Моладзевы семінар у Германіі па сацыяльнай інклюзіі
Беларускае моладзевае грамадскае аб'яднанне "New Faces" запрашае на семінар па пытаннях моладзевай занятасці і сацыяльнай інклюзіі, які пройдзе з 7 па 14 красавіка 2015 года ў Берліне (Германія).
На мерапрыемства запрашаюцца ўсе жадаючыя, зацікаўленыя ў працы з "інклюзіўнымі" групамі.
Тэма семінару - абмеркаванне праблемаў занятасці і рызыкі выключэння асобаў з розных сфераў жыцця грамадства па сацыяльна-эканамічных прычынах, з-за адукацыйных бар'ераў, інваліднасці і г.д.
У прыватнасці, удзельнікі семінару разгледзяць пытанні занятасці моладзі і доступу да фармальнай і нефармальнай адукацыі. Таксама абмяркуюць выкарыстанне нефармальнай адукацыі дзеля памяньшэння негатыўных наступстваў сацыяльнай "ізаляцыі" некаторых групаў моладзі.
Семінар "Exclude exclusion - we do inclusion!" мае мэтай развіць у удзельнікаў навыкі працы з разнастайнымі групамі моладзі. Вітаюцца кандыдаты, якія жадаюць працаваць альбо ўжо працуюць з маладымі людзьмі з розных слаёў грамадства. Асобны фокус будзе зроблены на арганізацыі працы з маладымі людзьмі з інваліднасцю.
Унёсак удзельніка семінару складае 55 еўра. Арганізатары пакрываюць выдаткі на падарожжа ў Германію і пражыванне.
Працоўная мова семінару - ангельская.
Для ўдзелу неабходна да 19 лютага 2015 года запоўніць анлайн-заяўку.
Паводле New Faces.