Лятучы ўніверсітэт запрашае ў Галерэю “Ў” на Дзень адчыненых дзвярэй

10 кастрычніка ў Галерэі “Ў” (пр-т Незалежнасцi 37А) з 18.30 да 21.00 Лятучы ўніверсітэт запрашае ўсіх цікаўных на імправізаваны “Дзень адчыненых дзвярэй”. Але выступаў, прэзентацый і лекцый не будзе! Чакаюць адкрытыя нефармальныя  размовы з рознымі Асобамі Лятучага за кубачкам кавы ці гарбаты.

Ужо восьмую восень Лятучы ўніверсітэт адчыняе дзверы і запрашае старых і новых сяброў да супольнай працы ў прасторы мыслення, культуры, грамадства, фармавання сябе і зменаў навокал. Адна з галоўных установак універсітэта палягае ў тым, што ідэі і думкі нараджаюцца ў дыялогу, у асяродку супольнай рэфлексіі і крытыкі, а сапраўднае навучанне мысленню магчымае толькі праз судачыненне і супрацу з Настаўнікам – інтэлектуалам, мастаком, навукоўцам, мысляром. На гэтай падставе і будуецца праца Лятучага ўніверсітэта.

Праз размовы з Асобамі Лятучага можна даведацца пра тое, як працуе Лятучы, пра дыстанцыйную платформу і новую праграму. Сябры з Жывой Бібліятэкі дапамогуць  арганізаваць прастору такім чынам, каб можна было б паразмаўляць з усімі, хто цікавы, задаць пытанні пра тое, што важна, паспрабаваць паразумецца з рознымі прадстаўнікамі супольнасці Лятучага ўніверсітэта.

Крыніца: facebook.com