Лятучы ўніверсітэт ладзіць Public Space Day
Public Space Day 26 лістапада, 15:00-19:00 (Культ. Цэнтр “Корпус” ) – гэта месца для абмеркавання двароў і пешаходных зон як кропак канцэнтрацыі камунікатыўных практык і магчымасцяў узаемадзеяння. Арганізатары: Лятучы ўніверсітэт, альманах “Гарадскія тактыкі”, Партыя “Зялёныя”, Зялёная сетка, архітэктурнае бюро 35.
Папярэдняя праграма мерапрыемства
Горад - адзінства непадобных. Непадобных, але са-прысутных і камунікуючых у адной прасторы. Гэтая камунікацыя патрабуе адмысловых умоваў і высілкаў, каб гарадская прастора не стала дадатковым бар’ерам для людзей, перашкодай для выяўлення сваёй ідэнтычнасці і ўзаемадзеяння.
“Грамадская прастора” мае самыя розныя вымярэнні - ад архітэктуры і інфраструктуры плошчаў, двароў і вуліц, да культуры ўзаемадзеяння, магчымасцяў самарэпрэзентацыі і сімвалічнага ўвасаблення дзеючых норм паводзін.
Public Space Day прысвечаны чалавечаму і сацыяльнаму вымярэнню грамадскіх прастор. Мы запрасілі тых, хто даследуе і робіць праекты ў сучасных гарадах, каб абмеркаваць “Як магчыма будаваць суседскія супольнасці вакол трансфармацыі двароў?”. Падчас імпрэзы мы абмяркуем двары і пешаходныя зоны як кропкі канцэнтрацыі камунікатыўных практык і магчымасцяў узаемадзеяння.
Мэта правядзення Public Space Day: акцэнтаванне ўвагі грамадсткасці і спецыалістаў (актывістаў і прафесіяналаў) на сацыяльнае, палітычнае і гуманітарнае вымярэнне “грамадскіх прастораў”. Праз прэзентацыі і дыскусіі мы прэзентуем розныя практыкі, якія рэалізуюць у Беларусі і за яе межамі адносна працы з такімі прасторамі як двор і пешаходная зона.
Крыніца: facebook.com