Летнік па правах чалавека для моладзі 2019 ((Літва, Вільня)
Беларуская праваабарончая школа абвяшчае конкурс на Летнік школы па правах чалавека на 2019 год (Літва, Вільня). У межах адукацыйнай праграмы ўдзельнікі і ўдзельніцы знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, а таксама метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Мэтавая група: маладыя людзі з Беларусі, зацікаўленыя ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека (18-27 гадоў). Школа першага набору – 10–18 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 10 чэрвеня ўключна), Школа другога набору – 23–31 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна).
Выкладчыкамі школы з’яўляюцца прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты/кі ў галіне правоў чалавека і права. Месца правядзення: Беларускі Дом правоў чалавека Літва (Вільня). Працоўныя мовы: беларуская і руская.
Для ўдзелу ў Школе прэтэндэнт павінен запоўніць анлайн рэгістрацыйную форму не пазней за вызначаны тэрмін (заяўкі, дасланыя пазней за ўказаныя даты, разглядацца не будуць).
Пажадана прадставіць таксама рэкамендацыйны ліст (ад праваабарончай ці іншай грамадскай арганізацыі, з якой супрацоўнічае прэтэндэнт/ка, з месца працы ці вучобы). Перавага будзе аддавацца прэтэндэнтам/кам, якія арыентуюцца ў грамадскай праблематыцы, зацікаўленыя ў атрыманні ведаў у галіне правоў чалавека, якія жадаюць і гатовыя дзейнічаць на карысць іх абароны.
Ад удзельнікаў і ўдзельніц патрабуецца прысутнасць на ўсіх занятках. Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць у выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў Школе. Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары Школы бяруць на сябе расходы на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення Школы і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў. Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць.
Крыніца: spring96.org