Лекцыя Яўгеніі Ціманавай: Чаму нам выгадна дапамагаць адно аднаму?

20 траўня а 19-й гадзіне ў прасторы ЦЭХ у Мінску ладзіцца лекцыя аўтаркі відэаблога "Всё как у зверей" Яўгеніі Ціманавай. Лекцыю ладзяць медыялабараторыя 34mag і "Еўрарадыё".
Аўтарка відэаблога "Всё как у зверей" Яўгенія Ціманава скамбінавала сваю цягу да біялогіі ды прафесійныя навыкі рэкламісткі, стварыўшы адно з самых папулярных відэашоў у рунэце. Як сцвярджае Яўгенія ў адным з інтэрв’ю, ідэя шоў навеяна тым, што "біялогія – гэта ўніверсальная метафара ўсіх аспектаў чалавечага жыцця. Тое, што ты бачыш у чалавеку, ужо мае нейкую рыфму ў жывёльным свеце". Адзін з самых папулярных і неадназначных выпускаў праграмы завецца "Звярыны ашчэр патрыятызму", у ім можна знайсці тлумачэнне вытокаў патрыятычнай істэрыі, што накрыла нашу медыяпрастору ў апошнія два гады.

У лекцыі "Народжаныя альтруістамі: чаму нам выгадна дапамагаць адно аднаму" Яўгенія Ціманава закране пытанні: "Што такое патрыятызм?", "Як мы вызначаем "сваіх" і "чужых"?", "Як маніпуляваць вялікімі масамі людзей, зыходзячы з іх пачуццяў?".

Пасля лекцыі прадугледжана абмеркаванне з аўдыторыяй.

Расклад мерапрыемства:

19:00 - 19:15    Пачатак сустрэчы
19:15 - 20:15    Лекцыя
20.15 - 20.30    Перапынак на каву (сумесна з "Тёрка-шоу")
20.30 - 21.30    Дыскусія