Курсы бізнес-беларускай ад Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу
![]() |
Фота: aebbel.by |
Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу аб'вяшчае набор слухачоў на курсы спраўнай беларускай мовы. Цяпер у новым фармаце: за кубачкам духмянай кавы ва ўтульнай кавярні Café del Parco. Пачатак заняткаў — верасень 2015 года.
Курсы бізнес-беларускай даюць магчымасць прадстаўнікам камерцыйных кампаній і ўсім зацікаўленым развіць здольнасці вуснай і пісьмовай бізнес-камунiкацыi для прафесійнага стасавання, абслугоўвання, рэкламавання, выступаў, справаводства і штодзённай працы на беларускай мове.
Курс улучае 12 практычных заняткаў, якія даюць падмурак выкарыстанні мовы на ўсіх роўнях: прыём на працу, дакументацыя, фінансы і ўлік, вытворчасць, рэклама і прасоўванне на рынку, кіраванне праектамі, тэхніка, тэхналогіі, лагістыка, апрацоўка, угоды, арганізацыя, права, стасаванне з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, электронны бізнес і г.д.
Каму патрэбныя курсы?
Адмыслоўцам і кіраўнікам усіх узроўняў. Тым, хто кіруе людзьмі, вядзе перамовы, складае адказныя дакументы, прадае, распавядае пра вырабы і паслугі, праводзіць сумоўі, піша справаздачы, рэкламуе, абслугоўвае пакупнікоў, тэлефануе і лістуе наконт гаспадарскіх пытанняў і г.д.
Што Вы атрымаеце?
Вы можаце чакаць паляпшэння ў тым, каб:
• размаўляць ўпэўнена;
• казаць дакладна, правільна і хутка;
• дасягаць мэтаў у размовах;
• стасавацца пісьмова, у тым ліку электроннай поштай;
• апісваць складаныя паняткі і новыя тэхналогіі;
• правільна называць прадметы вузкага прафэсійнага ўжытку;
• пашыраць спраўны слоўнікавы запас самастойна;
• перакладаць на беларускую з іншых моваў – вусна або пісьмова;
• разумець практычныя адметнасці беларускае мовы;
• лёгка і больш упэўнена сябраваць з людзьмі;
• паспяхова працаваць у шматмоўным асяроддзі.
Які змест заняткаў?
Асноўныя пытанні, якія будуць закранацца:
• Моўны выбар і як ён уплывае на справы. Свядомае і падсвядомае ўспрыманне мовы, уздзеянне мовы на таго, хто гаворыць і хто слухае, адметнасці беларускае мовы, колькасныя паказчыкі ўплыву моўнага выбару на справы, стасаванне ў шматмоўным асяроддзі, стратэгіі моўнага выбару і г.д.
• Гаспадарка. Працаўнікі, вытворчасць, кіраванне праектамі, тэхніка, тэхналогіі, лагістыка, апрацоўка, угоды, фінансы, бухгалтэрыя, арганізацыя, права, справаводства, стасаванне з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, электронны бізнес і г.д.
• Публічнае. Прасоўванне вырабаў і паслуг, рэклама, прэзэнтацыі, выступы перад сходамі, сацыяльныя сеткі, меркаванні, рацыянальныя і эмацыйныя артыкулы ў мэдыях, прапановы, тлумачэнне новага і складанага, апісанне стану і напрамкаў развіцця і г.д.
• Асабістае. Камунікацыйныя стратэгіі, адмысловыя гутаркі, тэлефанаванне, афіцыйныя і электронныя лісты, запыты, структураванне, кароткасць і яснасць, высновы, абслугоўванне пакупнікоў, перамовы, перакананне, абарона і г.д.
• Практыкаванні. Пераклад на беларускую мову, рэзюмэ, розныя правапісы, афіцыйны стыль, лексічныя, граматычныя, сінтаксічныя, арфаграфічныя складанасці, спраўнае асяроддзе, узбагачэнне слоўнікавага запасу, звышскладаныя сытуацыі, прыгажосць мовы, вузкая тэрміналогія і г.д.
Апроч гэтага, Вы навучыцеся больш упэўнена і паспяхова гаварыць, палепшыце валоданне мовай, зможаце развіваць свае камунікацыйныя здольнасці ў будучыні, самастойна развязваць новыя складаныя пытанні.
Звыш таго, удзел у занятках прымуць дасведчаныя бізнесоўцы, якія падзеляцца сваімі спосабамі вядзення спраў, прасоўвання бізнесу i выкарыстання беларускай адметнасцi на рынку. Прыклады такіх заняткаў можна знайсці на сайце Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу (тут, тут і тут).
Выкладчык курсаў — Аляксей Нарэйка, дырэктар беларускамоўнай кампаніі "Праўны пераклад", даследнік у галіне псіхалінгвістыкі і сацыялінгвістыкі, распрацоўнік слоўнікаў. Мае ступень магістра гуманітарных навук БДУ, навучаўся ў Швецыі і Нідэрландах.
Па вынiках слухачы атрымаюць пасведчанні пра заканчэнне курса спраўнай беларускай мовы.
Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень ва ўтульным асяроддзі за кубачкам кавы ў кавярні Café del Parco па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 28 (праблем з паркоўкай аўто ўвечары няма).
Будуць набраныя дзве групы (10-15 чалавек кожны). Першыя заняткi пройдуць 7 верасня (панядзелак) і 10 верасня (чацвер) 2015 года ад 18.30 да 20.00.
Курсы платныя — 1 850 000 беларускіх рублёў (кубачак кавы альбо гарбаты на кожным занятку ўключаны ў гэты кошт).
Залічэнне адбываецца ў парадку падачы заяў, і мы не гарантуем, што месцаў хопіць усім. Таму спяшайцеся звярнуцца першымі! Асноўны набор адбудзецца да 31 жніўня 2015 года. Дадатковы набор (калі застануцца вольныя месцы) адбудзецца ў часе ад 29 жніўня да 15 верасня 2015 году.
Каб запісацца на заняткі і аплаціць, лістуйце або тэлефануйце Кацярыне Сыраежкiнай: электронная скрынка [email protected], тэлефон +375 29 167 99 48 (для запісу трэба паведаміць прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя і адрас рэгістрацыі).
Зычым Вам спраўнага росту і новых магчымасцей!
Крыніца: рассылкі Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу