Краўдфандынгавая кампанія на выданне кнігі для дзяцей «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа»

Кніга «Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа» - выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю нашых сусветна вядомых суайчыннікаў, тых, кім мы можам ганарыцца, каго мы павінны памятаць. А яшчэ гэтая кніга створана для таго, каб дзеці і бацькі маглі цікава правесці час разам, даведацца нешта новая, пачытаць вершы ды казкі, памаляваць і пагуляць. Размова iдзе пра такiх мастакоў, як: Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Любіч, Восіп Цадкін, Сэм Царфiн, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень. Замовіць асобнік можна да 11 лістапада 2018.

«Мастацтва Беларусi ХХ ст. Парыжская школа» - важная вяха ў гісторыі сусветнага мастацтва, гэта некалькі пакаленняў мастакоў з розных краін, якія ўгрунтаваліся ў Парыжы з 1900 да 1960-х гадоў. Але гэта i асобны феномен для беларускага мастацтва і нашай гісторыі. Станаўленне цэлага пакалення мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, адбылося ў Еўропе. Жыццё рознымі шляхамі прывяло кожнага з іх у Парыж. Амаль што ўсе яны жылі ў «Вуллі», доме-камуне для мастакоў, які адначасова стаў і галоўнай лабараторыяй мадэрнісцкага мастацтва пачатку XX стагоддзя. Усе гэтыя беларускія мастакі сталі прадстаўнікамі Парыжскай школы нароўні з Пабла Пікаса, Амедэа Мадзільяні, Фернанам Лежэ і іншымі сусветна вядомымі майстрамі.

Дзякуючы калекцыянерскай дзейнасці ААТ “Белгазпрамбанк”, у нашу краіну вяртаюцца шэдэўры мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Беларусі, творцаў, якія праславіліся за яе мяжой. А разам з карцінамі вяртаюцца і іх імёны, якія зноўку ўпісваюцца ў нашу гісторыю, у нашу памяць, у сучасны кантэкст.

Крыніца: ulej.by