Конкурс на афармленне дзіцячых пляцовак і рэкрэацыйных зон Віцебска ў стылі супрэматызму

Віцебскі гарвыканкам (Віцебск, Беларусь) разам з культурнай платформай Vitebsk4.me прапануюць дызайнерам, архітэктарам і мастакам з усяго свету пераасэнсаваць спадчыну Віцебскага авангарда пачатку ХХ ст. у межах конкурсу праектаў дзіцячых гульнёвых пляцовак  і рэкрэацыйных зон “Азбука-УНОВІС”.

Адна з задач конкурса – прыцягненне лепшых сусветных школ дызайна, сучасных форм візуальнага коду па развіцці мастацка-педагагічных практык спадчыны аб’яднання УНОВІС Віцебской школы К.Малевіча, Эль Лісіцкага. Арганізатары не абмяжоўваюць творчую фантазію ўдзельнікаў. Напрыклад, на дзіцячай пляцоўцы могуць быць „горкі“, арэлі або пясочніцы ў стылі супрэматызму.

Робіцца гэта не толькі дзеля таго, каб аздобіць горад, але і каб папулярызаваць звесткі пра адмысловую мастацкую плынь, якая нарадзілася ў горадзе амаль 100 гадоў таму, зруйнаваўшы ўяўленні пра мастацтва як спосаб упрыгожвання жыцця і надаўшы яму філасофска-ўжытковую форму.

Конкурс будзе праходзіць ў два этапы. Каб паўдзельнічаць у мастацкім спаборніцтве трэба:  да 10 сакавіка 2017 г. на адрас [email protected] адаслаць эскізы аўтарскіх распрацовак і заяўку на ўдзел.

У 2-гім туры пераможцы першага этапу да 25 сакавіка 2017 г. павінны будуць даслаць дапрацаваныя эскізы аўтарскіх распрацовак і абараніць іх перад журы.

Праекты, якія перамогуць у конкурсе, будуць рэалізаваныя за кошт арганізатараў, а імёны аўтараў стануць пазнавальнымі. 

Конкурсныя работы будзе ацэнваць аўтарытэтнае міжнароднае журы прафесіяналаў.



Творчасць сусветна вядомага аўтара «Чорнага квадрата» і яго паплечнікаў непасрэдна звязана з Віцебскам: менавіта тут у 1920-я гады было створана мастацкае аб’яднанне «УНОВИС» («Утвердители НОВого ИСкусства»). Мастакі-авангардысты спрабавалі знайсці адказ на выклікі часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу. А таксама спрабавалі пераасэнсаваць побыт чалавека з боку філасофскіх падстаў свайго мастацтва: распрацоўвалі праекты архітэктурных аб’ектаў, мэблі ды іншых прадметаў побыту, афармлялі ў традыцыях «Новага мастацтва» друкаваную прадукцыю і ўпрыгожвалі да святаў сам горад нетрадыцыйнымі малюнкамі з геаметрычных фігур.

Паводле: vitebsk4.me