Конкурс ідэй праектаў па мясцовым рэгіянальным развіцці
Да 20 студзеня 2017 г. грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Школа маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчаюць конкурс праектных ідэй, скіраваных на спрыянне мясцоваму і рэгіянальнаму развіццю па ўсёй Беларусі.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе неабыякавыя, хто займаецца паляпшэннем культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне і спрыяе паглыбленню супрацоўніцтва розных супольнасцей.
Калі ў вас ёсць ідэя, якая:
- можа зрабіць лепшым жыццё ў вашай мясцовасці агулам ці для нейкай групы людзей;
- яднае актыўных жыхароў для вырашэння грамадска важных пытанняў;
- умацоўвае ідэнтычнасць, у тым ліку праз пашырэнне ведаў пра нашу гісторыю і культуру, пра родны горад або рэгіён;
- матывуе да адказнасці за лёс свайго населенага пункта;
- развівае крэатыўны падыход да ажыццяўлення задумаў;
- павялічвае патэнцыял грамадскіх актывістаў;
- дапамагае наладзіць кантакты розным групам паміж сабой і з дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі,
дасылайце заяўку на скрыню: [email protected] з пазнакай “На конкурс ідэй”.
Хто можа ўзяць удзел:
- любыя непалітычныя ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці;
- дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя арганізацыі;
- фізічныя асобы, крэатыўныя каманды.
Заяўка мусіць утрымліваць:імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;
- назву, мэту і сутнасць праекта (да 700 словаў);
- мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);
- чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;
- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).
Усе дасланыя прапановы будуць разгледжаныя экспертнай камісіяй кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Школы маладых менеджэраў публічнага адміністравання SYMPA.
Для адабраных ідэй кампанія “Будзьма беларусамі!” дапаможа знайсці партнёраў, каб ідэі былі рэалізаваныя.
Таксама арганізатары гатовыя:
- даць магчымасць для прасоўвання ідэі і асвятлення яе рэалізацыі на інтэрнэт-партале www.budzma.by;
- спрыяць асвятленню праекта ў іншых сродках масавай інфармацыі;
- прадставіць вартыя ўвагі, але не адабраныя камісіяй праекты для далейшага ўдзелу на “Кірмашы праектаў” дзеля пашырэння кола аднадумцаў;
Што важна: сябры камісіі будуць ацэньваць якасць праектнай ідэі, яе грамадскую значнасць, адпаведнасць мэтавай аўдыторыі, адпаведнасць пераліку дзейнасці і неабходных для рэалізацыі сродкаў.
Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў любы час у перыяд з 01.02.2017 г. па 31.01.2018 г.
Прыём ідэй: да 20 студзеня 2017 г. уключна праз скрыню [email protected] з пазнакай “На конкурс ідэй”.
Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 30 студзеня 2017 г. на сайце budzma.by.
Маеце пытанні? Пішыце на вышэйпаказаную скрыню!
Крыніца: budzma.by