Конкурс для маладых архітэктараў (прыз да 1500 еўра)

Праект «Гарсвятло» абвяшчае конкурс для маладых архітэктараў, у межах якога кожны пераможца атрымае ад 1000 да 1500 еўра на стварэнне і ўсталяванне светлавой інсталяцыі гэтай восенню на Фестывалі святла ў Полацку. Перавага будзе аддавацца інсталяцыям, звязаным з зменай клімату. Крайні тэрмін падачы канцэпцый – 15 сакавіка 2018 году.

Удзельнікам і ўдзельніцам конкурсу арганізатары прапаноўваюць 18 пляцовак у цэнтры гораду, дзе можна размясціць інсталяцыі. Патрабаванні да канцэпцый і падрабязная інфармацыя пра конкурс даступныя па спасылцы.

Што такое Фестываль святла ў Полацку?

Фестываль святла – гэта свята светлавога мастацтва, якое адбудзецца гэтай восенню ў Полацку ўпершыню. Такія фестывалі даўно збіраюць аншлаг за мяжой. На цэнтральных вуліцах размесцяць светлавыя інсталяцыі, а таксама ў горадзе будуць праходзіць начныя экскурсіі, майстар-класы, флэшмобы ды конкурсы.



Фестываль святла завершыць фінансуемы ЕС праект «Гарсвятло». У яго межах на 16 полацкіх вуліцах заменяць асвятленне на больш энергаэфектыўнае. Арганізатары фестываля – Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд «Інтэракцыя».

Праект «Гарсвятло: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў горадзе Полацку» фінансуецца Еўрапейскім Саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.

Крыніца: eu-belarus.net