Хельсінскі фонд па правах чалавека запрашае ў Жэневу юрыстаў і праваабаронцаў

Хельсінскі фонд па правах чалавека (Варшава, Польшча) набірае ўдзельнікаў адукацыйнай вандроўкі ў Жэневу "Дамоўныя органы і механізмы ААН па правах чалавека", якая пройдзе 23-29 кастрычніка 2016 года - падчас 65-й сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Мэта вандроўкі - спрыянне прафесійнай падрыхтоўцы юрыстаў і праваабаронцаў Беларусі.

Запрашаюцца тыя, хто мае практычны досвед у галіне абароны правоў чалавека і выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці міжнародныя механізмы абароны правоў. Вітаюцца кандыдаты з вышэйшай адукацыяй, якія ўжо прайшлі курс па тэме правоў чалавека, арганізаваны любой міжнароднай праваабарончай арганізацыяй.

У праграме - сустрэчы ў Кіраўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Кіраўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, візіт у Міжнародны Чырвоны Крыж. Удзельнік абмяркуюць працу з індывідуальнымі скаргамі, імплементацыю рашэнняў. Плануецца ўдзел у паседжанні Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (абмеркаванне Беларусі), сустрэча з міжнароднымі няўрадавамі арганізацыямі са штаб-кватэрамі ў Жэневе.

Арганізатары пакрываюць выдаткі на вандроўку, забяспечваюць пражыванне ў 2-пакаёвых нумарах, харчаванне. Выдаткі на візу не кампенсуюцца.

Удзельнікі мусяць напісаць эсэ па выніках вандроўкі.

Арганізатары вітаюць экспертаў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы альтэрнатыўных справаздач для Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Крытэры адбору: адпаведная вышэйшая адукацыя і практычны досвед у галіне правоў чалавека, асабістая матывацыя і ўяўленне, як выкарыстаць новыя веды.

Для падачы заяўкі, калі ласка, запоўніце анлайн-анкету. Апошні дзень падачы заяўкі - 18 верасня 2016 года. Падрабязнасці - па спасылцы.

 

Паводле HFHR.pl