Гадавая праграма ў Інданэзіі
Стыпендыя Darmasiswa існуе з 1974 году і фінансуецца ўрадам Інданэзіі. Можна прыехаць у краіну на год, каб вывучаць інданэзійскую мову або культуру. У 2018 годзе па гэтай праграме прыехала 650 удзельнікаў/ц з 92 краін. Узрост: ад 17 да 35 год, абавязкова мець сярэднюю адукацыю і жаданне вывучаць інданэзійскую мову ды культуру. Апошні тэрмін падачы заяўкі - 1 сакавіка 2019.
З гэтага года стыпендыя прадастаўляецца на 10 месяцаў, але студэнцкая віза на 12 месяцаў. Пры жаданні пасля вучобы ты яшчэ можаш тут застацца для падарожжаў або пошуку далейшых альтэрнатыў. Квіткi на самалёт з роднай краіны і назад ты аплочваеш сам(а).
Спачатку трэба сабраць спіс неабходных дакументаў, напісаць матывацыйны ліст, абраць горад і ўніверсітэт ды адправіць сваю заяўку праз сайт стыпендыі. У матывацыйным лісце табе трэба напісаць, чаму ты цікавішся Інданэзіяй і як ты можаш быць карысным для краіны пасля таго, як вернешся.
Калі зробіш усё правільна, то праз пару тыдняў пасля таго, як закрыецца срок рэгістрацыі на сайце, атрымаеш паведамленне, і цябе запросяць на сумоўе ў амбасаду яшчэ праз пару тыдняў. У Беларусі няма консульства Інданэзіі, таму магчыма інтэрв’ю праз скайп або можна прайсці яго ў амбасадзе ў Маскве.
На сумоўе ў цябе запытаюць яшчэ раз, чаму ты хочаш паехаць і чаму менавіта табе павінны даць стыпендыю. Таксама важна каб тое, што напісана ў тваім матывацыйным лісце і тое, што ты кажаш на інтэрв’ю, не адрознівалася. Калі ў амбасадзе цябе ўхваляюць, то дакументы адпраўляюць ва ўніверсітэт, які абраў(ла). Яны яшчэ раз усё правяраюць, ухваляюць, і адпраўляюць дакументы ў Джакарту. Канчатковы адказ атрымліваеш недзе ў траўні-чэрвені.
Крыніца: apply.darmasiswa.kemdikbud.go.id