Фінансавая падтрымка мініпраектаў беларускіх праваабаронцаў
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Літва) пры падтрымцы Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі ладзіць конкурс супольных мініпраектаў беларускіх праваабарончых арганізацый і ініцыятыў - для ўзмацнення супрацоўніцтва ў справе прасоўвання каштоўнасцей дэмакратыі, вяршэнства права, абароны правоў чалавека ва ўмовах абмежаванняў свабоды сходаў і асацыяцый.
Разглядаюцца мініпраекты, якія скіраваны на:
- развіццё супрацоўніцтва арганізацый на нацыянальным і мясцовым узроўнях;
- развіццё і ўмацаванне мясцовых і рэгіянальных праваабарончых арганізацый/ініцыятыў.
У конкурсе могуць удзельнічаць і незарэгістраваныя беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы. Вітаюцца ўдзельнікі з рэгіёнаў Беларусі.
Прапанаваны мініпраект можа ўключаць дзейнасць па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека, напрыклад:
- барацьбу з дыскрымінацыяй;
- маніторынг парушэння правоў;
- вырашэнне лакальных праблем, звязанных з парушэннямі правоў чалавека;
- падрыхтоўку справаздач пра абарону правоў;
- інш.
Арганізатары аддадуць прыярытэт прапановам мініпраектаў, якія зробяць станоўчыя змены ў агульнай сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і будуць мець доўгатэрміновыя пазітыўныя вынікі.
Удзел у конкурсе камерцыйных структур, рэлігійных арганізацый, палітычных партый і ініцыятыў не дазваляецца.
Тэрмін рэалізацыі мініпраекта мусіць складаць максімум 9 месяцаў. Пачатак рэалізацыі - 1 студзеня 2017 года.
Крытэры ацэнкі заявак:
- рэалістычнасць і дасягальнасць пастаўленай мэты;
- устойлівы (доўгатэрміновы) эфект;
- абгрунтаванасць памеру бюджэту;
- удзел мясцовых праваабарончых арганізацый;
- наяўнасць суфінансавання (мінімум 5 адсоткаў агульнага бюджэту).
Памер фінансавай падтрымкі мініпраекта складае 1-4 тыс. еўра. Гэтыя сродкі не могуць выкарыстоўвацца для: набыцця маёмасці, палітычную ці камерцыйную дзейнасць, гуманітарную ці сацыяльную дапамогу асобным людзям, лячэнне, атрыманне адукацыі, адпачынак, непрадбачаныя выдаткі.
Аб'ём выдаткаў на заробак наёмных супрацоўнікаў не павінен перавышаць 30 адсоткаў бюджэту мініпраекта.
Фінансаванне можа прадастаўляцца таксама і для часткі праекта, які ўжо ажыццяўляецца. Абавязковая умова - наяўнасць суфінансавання з іншых крыніцаў (не менш за 5% адсоткаў бюджэту).
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна адправіць заяўку і план бюджэту на электронную скрыню: [email protected].
Апошні дзень падачы заяўкі - 31 кастрычніка 2016 года. Падрабязнасці - па спасылцы.
Паводле HumanRightsHouse.org.