Фестываль «ЕС-Беларусь: Магчымасці для моладзі» (Мінск)

Фэст «ЕС-Беларусь:магчымасці для моладзі» пройдзе 9 чэрвеня ў мінскім культурным хабе OK16 з 14.00 да 21.00. Ён разлічаны на прасунутых і дынамічных маладых людзей, якія сур’ёзна ставяцца да сваёй будучыні. Актыўнасці будуць праходзіць адразу на трох пляцоўках – інфармацыйнай, выставачнай і канцэртнай. Удзел у фестывалі бясплатны. Рэгістрацыя анлайн абавязковая.

Майстар-класы і прэзентацыі правядуць Цэнтр шведскіх даследаванняў, Праграма Chevening (Вялікабрытанія), DAAD Belarus, Інстытут Гётэ ў Мінску, еўрапейская праграма MOST і іншыя. Інтэрактыўную праграму з квізамі рыхтуе ініцыятыва «Паслы еўрапейскай моладзі». Трэнінгавую праграму па жыццёвых навыках і занятасці прадставіць праект «ЕС для моладзі». Ад працаўладкавання да ўстойлівасці ў Арменіі, Беларусі і Украіне». У выставе возьмуць удзел больш за 10 праектаў і праграм, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам у Беларусі, якія дапамогуць зарыентавацца маладым людзям у вялікім аб’ёме інфармацыі.

Госцем фестывалю стане Эльвіра Стынісэн – паралімпійская спартсменка, спецыялістка па пытаннях палітыкі Міністэрства аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння і спорту Нідэрландаў. Яна не толькі раскажа пра сваё захапленне валейболам, але і пазнаёміць з некаторымі аспектамі працы ва ўрадзе.

Адмыслова для выпускнікоў і выпускніц замежных ВНУ, адукацыйных праграм і стажыровак у межах фэста адбудзецца Alumni Picnic. У фокусе сустрэчы – дакументальны фільм выпускніцы еўрапейскай праграмы Erasmus Mundus Анны Навіцкай The Hidden Potential of International Alumni («Стоены патэнцыял міжнародных выпускнікоў»). Якія перспектывы адкрываюцца выпускнікам пасля вяртання на радзіму? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца? Як выбудоўваюць сваю кар’еру ў Беларусі, як карыстаюцца атрыманымі ведамі? У адкрытай дыскусіі прымаюць удзел героі фільма і іншыя цікавыя спікеры.

Канцэртную праграму адкрые Андрэа Віктарын – пасол, кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Хэдлайнер фэсту – папулярны гурт NaviBand. «Мы правялі не адзін канцэртны тур па Еўропе, таму з вялікім задавальненнем прынялі запрашэнне выступіць на фестывалі ў Мінску. Стараемся даказаць на сваім досведзе, што чым больш кантактаў паміж моладдзю ЕС і Беларусі, тым больш магчымасцяў для рэалізацыі крэатыўных і таленавітых маладых людзей!» – упэўненыя ўдзельнікі NaviBand.

Забеспячэнне лепшай будучыні для моладзі ляжыць у аснове супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза і Беларусі. Разам з Беларуссю ЕС стварае для маладых людзей магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял і браць актыўны ўдзел у жыцці грамадства.

Крыніца: youthfest.euprojects.by