Еўрапейская інтэграцыя: Зімовая школа ў Германіі

Пры фінансавай падтрымцы Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) з 11-га па 20-га студзеня 2015 года ў Еўрапейскім інстытуце Саарскага ўніверсітэта (Саарбрюкэн, Германія) пройдзе зімовая школа "Дэмакратыя і правы чалавека ў Еўразвязе". Да ўдзелу запрашаюцца маладыя даследчыкі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Грузіі.

Удзельнікі праграмы азнаёмяцца з асновамі еўрапейскага права і яго ўплыву на дэмакратычныя працэсы, а таксама з развіццём працэсаў еўрапейскай інтэграцыі. Увага даследчыкаў будзе скіравана на акадэмічны погляд на правы чалавека і іх абарону, дэмакратычныя працэсы ў шматузроўневых сістэмах дзяржкіравання. Удзельнікі зімовай школы наведаюць еўрапейскія дзяржінстытуты ў Люксембургу і Страсбургу. Навучэнцы змогуць атрымаць новы досвед і ўсталяваць новыя прафесійныя кантакты.

Патрабаванне да кандыдатаў - валоданне ангельскай мовай. Арганізатары пакрываюць усе выдаткі, звязаныя з удзелам у адукацыйнай праграме. Кандыдаты маюць да 7 лістапада 2014 года адправіць анкету, матывацыйны ліст (адна старонка) і рэзюмэ (ня больш за дзве старонкі) на е-мэйл: [email protected].

Паводле Edu-active.com.