Еўрапейскае кафэ: Лекцыя па тэме WikiLeaks і Anonymous
Цэнтр прававой інфармацыі "Lawtrend" и праект "Еўрапейскае кафэ - адкрытая прастора Еўропы" запрашаюць на лекцыю шведскага эксперта Крысціяна Крыстэнсэна "WikiLeaks і Anonymous: крытычная журналістыка замест тэхнацэнтрызму?".
Асноўны тэзіс лекцыі заключаецца ў тым, што тыповая журналістыка такіх краін, як Швецыя, ЗША і Вялікабрытанія, у цэлым не змагла справіцца з даследаваннем і аналізам дзейнасці ўладных структур, што стварыла вакуум, запоўнены часткова з'яўленнем WikiLeaks і Anonymous.
Пры абмеркаванні дзейнасці такіх груп, як WikiLeaks і Anonymous, звычайна акцэнт робіцца на выкарыстанні тэхналогіяў, а не на сацыяльна-палітычнай і культурнай матывацыі іх дзейнасці. Гэты "тэхнацэнтрызм" "тлумачыць" усё як тэхнагенны феномен: іншымі словамі, нам кажуць, што гэтыя групы з'явіліся таму, што з'явіліся адпаведныя тэхналогіі. Філосаф Мішэль Фуко, аднак, прапаноўваў крытычна ставіцца да ўнутранай будовы структураў, якія толькі на першы погляд падаюцца "нейтральнымі і незалежнымі".
Крысціян Крыстэнсэн (Christian Christensen) – прафесар журналістыкі Стакгольмскага ўніверсітэту. Яго даследаванні канцэнтруюцца на пытаннях зносінаў медыя і ўладаў (як палітычных уладаў, так і эканамічных, ваенных). Ён даследаваў журналістыку навінаў у Швецыі, Злучаных Штатах, Брытаніі і Турцыі, вывучаў працу сацыяльных сетак падчас войнаў, узаемаадносіны паміж урадавымі структурамі і актывістамі. Рэдактар кнігі "WikiLeaks: ад поп-культуры да палітэканоміі" ("WikiLeaks: From Popular Culture to Political Economy", 2014).
Лекцыя адбудзецца 20 сакавіка ў 18.30 па адрасе: Мінск. вул. Кастрычніцкая, 16. Уваход на мерапрыемства вольны. Мова лекцыі - ангельская (з перакладам на рускую).
Паводле N-Europe.eu.