Erasmus+ прымае заяўкі ад беларускай моладзі
Моладзевае акно “Ўсходняга партнёрства” (Eastern Partnership Youth Window 2017-2018) прапануе магчымасці для фінансавання праектаў у рамках праграмы Erasmus+ для арганізацый і індывідуальных удзельнікаў з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Першы конкурс грантавых прапаноў будзе доўжыцца да 8 сакавіка 2017 г.
На працягу папярэдняга перыяду фінансавання (Моладзевае акно “Ўсходняга партнёрства” 2012-2013) каля 37 тысяч маладых людзей і моладзевых работнікаў паўдзельнічалі ў праграме з агульным бюджэтам у 31,5 млн еўра.
Гэты конкурс праводзіцца ў рамках Моладзевага акна “Ўсходняга партнёрства” ў цэнтралізаваным парадку, г.зн. заяўкі падаюцца Выканаўчаму агенцтву па адукацыі, аўдыёвізуальных сродках і культуры.
Кандыдаты павінны падаць свае заяўкі на атрыманне гранта самае позняе 8 сакавіка 2017 года да 12:00 па брусельскім часе. Пачатак рэалізацыі праектаў павінен быць запланаваны на перыяд з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года.
Акрамя таго, у рамках праграмы Erasmus+ існуюць розныя механізмы для ўдзелу моладзі і моладзевых арганізацый з Беларусі ў разнастайных праектах (глядзіце "Erasmus+ Programme Opportunities in the field of youth for the Eastern Partnership countries" на ангельскай мове).
Крыніца: euprojects.by