Дыстанцыйны курс: Права некамерцыйных арганізацыяў

Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі" прымае заяўкі на анлайн-курс "Права некамерцыйных арганізацыяў (НКА)". Курс дае магчымасць пазнаёміцца з унікальным досведам "Цэнтра прававой трансфармацыі" ў пытаннях прававога рэгулявання дзейнасці некамерцыйных арганізацыяў. "Цэнтр прававой трансфармацыі" мае 19-гадовы досвед практычнай працы ў гэтай сферы. Мэта курсу - фарміраванне ўяўленняў аб практыцы прымянення заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях (грамадскіх аб'яднаннях, асацыяцыях, фундацыях, установах) у Беларусі. Удзельнікі курсу будуць мець магчымасць пазнаёміцца і папрацаваць з прыкладамі рэальных кейсаў.

Курс арыентаваны на студэнтаў юрыдычных факультэтаў, юрыстаў-практыкаў, супрацоўнікаў і валанцёраў некамерцыйных арганізацыяў, а таксама на ўсіх зацікаўленых у пытаннях свабоды асацыяцыяў і прававога рэгулявання НКА.

Навучэнцы даведаюцца пра міжнародныя стандарты ў галіне свабоды асацыяцыяў, асаблівасці рэгістрацыі, дзейнасці і ліквідацыі некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі. Падчас курсу будуць разгледжаны пытанні фінансавання, справаводства, кантролю і г.д.

Вядоўца курсу - Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі, юрыст, магістр палітычных навук. Працягласць навучання - 4 месяцы (студзень-травень 2015 года). Выпуснікі дыстанцыйнага курсу, якія паспяхова засвояць праграму, атрымаюць магчымасць стажыроўкі.

Курс ладзіцца пры інфармацыйнай падтрымцы Еўрапейскага Цэнтра некамерцыйнага права (Венгрыя) у межах праграмы супрацоўніцтва з Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі (Літва).

Для ўдзелу ў курсе кандыдаты маюць запоўніць электронную заяўку да 24 снежня 2014 года.

Паводле Lawtrend.org.