Даведайся ўсё пра Польшчу! Моладзевы візіт ў Кракаў
Інстытут усходніх ініцыятыў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ладзіць у сакавіку-лістападзе доўгатэрміновы адукацыйны праект "Get to know about Poland" ("Даведайся пра Польшчу").
Першасны адбор і падрыхтоўку беларускіх удзельнікаў ажыццяўляе Цэнтр "Трэці сектар".
Удзельнікі праекта змогуць даведацца пра Польшчу, засвоіць метады нефармальнай адукацыі і абмяняцца ведамі з іншымі маладымі людзьмі з Польшчы, Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Чэхіі, Грузіі, Венгрыі, Малдовы, Румыніі, Славакіі і Украіны.
Мэта адукацыйнага праекта - знаёмства з культурнымі практыкамі Польшчы і спрыянне развіццю міжкультурнага дыялогу паміж удзельнікамі з Еўразвязу, краінаў Вышэградскай групы (V4) і Ўсходняга партнёрства (EaP).
Арганізатары маюць мэтаю падзяліцца сучаснымі метадамі нефармальнай адукацыі, падтрымаць выкладчыкаў і працаўнікоў з моладдзю (якія будуць распавядаць пра Польшчу ў сваёй працы), абмяняцца досведам працы з моладдзю і наладзіць сувязі паміж арганізацыямі, якія будуць прадстаўляць удзельнікі.
Праект будзе складацца з дзвюх этапаў:
1. Летняя школа для культурніцкіх менеджараў у Кракаве (18-26 ліпеня 2015 года)
Інтэнсіўная праграма, якая дазволіць удзельнікам – моладзевым лідарам і працаўнікам, прадстаўнікам культурніцкіх і адукацыйных устаноў, грамадскім актывістам, студэнтам і культурніцкім менеджарам з Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Чэхіі, Грузіі, Венгрыі, Малдовы, Румыніі, Славакіі і Украіны – пазнаёміцца з польскай гісторыяй і культурай, эканомікай і самакіраваннем, даведацца пра метады нефармальнай адукацыі (адмысловы падручнік і кароткаметражныя фільмы). У праграме будзе некалькі экскурсій.
2. Польская вечарына ў Беларусі (жнівень-верасень 2015 года)
Удзельнікі летняй школы будуць ладзіць польскія культурніцка-адукацыйныя вечарыны ў сваіх краінах, дзе змогуць падзяліца новымі ведамі пра Польшчу і навыкамі выкарыстання метадаў нефармальнай адукацыі.
Працоўная мова - ангельская. Выдаткі на пражыванне і харчаванне аплочваюцца цалкам, на дарогу для беларускіх удзельнікаў прадугледжана да 800 злотых (грошы вяртаюцца па фактычных транспартных квітках). Удзельнікам будзе аказаная візавая падтрымка, але ў выпадку адмовы консульства выдаць бескаштоўную візу, плата за візу будзе з’яўляцца дабрачынным унёскам удзельніка.
З Беларусі будуць запрошаны 2 удзельнікі (моладзевыя лідары і працаўнікі, прадстаўнікі культурніцкіх і адукацыйных устаноў, грамадскія актывісты, студэнты або культурніцкія менеджары) ва ўзросце 18-30 гадоў, якія вольна валодаюць ангельскай мовай, а таксама тыя, хто ўжо мае досвед арганізацыі ўласных ініцыятыў і падзей.
Кандыдаты мусяць да 15 красавіка 2015 года даслаць заяўку, запоўненую на ангельскай мове, на е-mail: [email protected] (тэма ліста "Get to know about Poland").
З 23 красавіка да 15 траўня кандыдаты, якія трапяць у другі тур адбору, будуць праходзіць skype-сумоўі з польскімі арганізатарамі. Фінальныя вынікі адбору будуць вядомыя 18 траўня 2015 года.
Падрабязная інфармацыя пра праект размешчана тут.
Паводле Adukacyja.info.