CFLI: Гранты для беларускіх НДА
Канадcкі фонд для мясцовых ініцыятыў (CFLI) пры Амбасадзе Канады ў Польшчы прапануе малыя гранты на 2015-2016 фіскальны год беларускім недзяржаўным арганізацыям на падтрымку ініцыятыў і праектаў па прасоўванні эканамічных, сацыяльных і дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Да ўдзелу ў конкурсе грантаў запрашаюцца НДА і грамадскія групы.
Фонд вітае прапановы ў справе прамоўцыі/абароны правоў чалавека (правоў дзяцей і моладзі, ЛГБТ-меншасці, людзей з інваліднасцю і г.д.); развіцця грамадскай супольнасці і дэмакратычнага ўдзелу (свабоды медыя, падтрымкі дэмакратычных арганізацыяў, заахвочвання адукацыі і грамадзянскай актыўнасці); аховы свабоды веравызнання.
Мэта грантавай падтрымкі - развіццё мясцовых супольнасцей, устойлівае развіццё грамадства, падтрымка мясцовых дэмакратычных структураў. Максімальны памер грантаў - 25 тыс. канадскіх даляраў (фонд вітае прапановы на меншыя сумы).
Фонд не фінансуе ўдзел беларускіх НДА ў трэнінгах у Канадзе, а таксама ўдзел канадскіх экспертаў у адукацыйных мерапрыемствах у Беларусі, а таксама не аказвае індывідуальнае падтрымкі грамадзянам Беларусі. Фінансаваныя фондам праекты мусяць быць завершаны да 26 лютага, канчатковая справаздача мае быць даслана да 11 сакавіка 2016 года.
Прапановы неабходна дасылаць на ангельскай альбо французскай мове на е-мэйл: [email protected].
Дэдлайн - 15 верасня 2015 года. Поўная інфармацыя па ўмовах конкурсу размешчана тут.
Паводле CanadaInternational.gc.ca.