Бясплатныя трэнінгі па стварэнні субцітраў у тэатры, кіно і відэа для людзей з парушэннямі слыху (Мінск)

Офіс па правах людзей з інваліднасцю (Мінск) запрашае на бясплатныя трэнінгі па стварэнні субцітраў у фільмах і відэароліках для людзей з парушэннямі слыху. Польскія эксперты Марта Жачкевіч і Томаш Міхневіч распавядуць, якім чынам стварыць субцітры на дамашнім кампутары.

Мэта навучання - пашырэнне даступнасці інфармацыі, у тым ліку для людзей з парушэннямі слыху. Трэнінг-курс "Ужыванне і скарыстанне тэхнікі адаптацыі мастацтва, інфармацыі, аўдыёвізуальных матэрыялаў да патрэбаў людзей з парушэннямі слыху пры дапамозе адмысловай сістэмы субцітраў" ладзіцца пры падтрымцы польскае фундацыі HumanDOC.

Навучэнцы пазнаёмяцца з сусветнымі тэхнікамі, якія дазваляюць пашырыць інфармацыйную даступнасць твораў мастацтва і інфармацыйных прадуктаў. Удзельнікі трэнінгу змогуць ствараць аўдыёвізуальную прадукцыю і тэатральныя спектаклі з выкарыстаннем субіцітраў, што дапаможа людзям з парушэннямі слыху далучыцца да аўдыторыі. Навучэнцы змогуць рабіць дакладнае апісанне гукаў і адпаведным чынам рэдагаваць змест.

Прадстаўнікі фонда "We Open Culture" Марта Жачкевіч і Томаш Міхневіч пазнаёмяць навучэнцаў пра розныя віды субцітраў (для кіно, тэатра, выпускаў навін) і кампутарныя праграмы ды прыёмы іх стварэння (простая і ўскладненая версіі).

Трэнінг-курс уключае 5 навучальных сесій. Першая сесія пройдзе ў Мінску 15-17 чэрвеня 2016 года. Другая - у ліпені, далейшыя - у верасні і кастрычніку.

Набор удзельнікаў ідзе да 5 чэрвеня 2016 года. Перавага аддаецца кандыдатам, якія змогуць скарыстоўваць набытыя навыкі ў прафесійным жыцці. Арганізатары забяспечваюць харчаванне ўдзельнікаў падчас трэнінгаў, а таксама пражыванне ў Мінску і кампенсацыю транспартных выдаткаў для навучэнцаў з беларускіх рэгіёнаў.

Кандыдаты мусяць запоўніць заяўку і даслаць яе на е-мэйл: [email protected] (з тэмай ліста "Трэнінг").

 

Паводле DisRight.org.