Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры 2015
8 кастрычніка 2015 года Святлана Алексіевіч стала першай беларускай пісьменніцай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Прэстыжную ўзнагароду аўтарка атрымала "за шматгалосную творчасць - помнік пакутам і мужнасці ў наш час", як паведамляецца ў прэс-рэлізе Шведскай Акадэміі.
Святлана Алексіевіч адна з найбольш папулярных у свеце прадстаўнікоў сучаснае беларускае літаратуры. Творы Алексіевіч перакладзены і выдадзены больш чым у 20-ці краінах свету.
Віншуем!
Announcement of the 2015 #NobelPrize in Literature http://t.co/kzPyYaA8dO
— The Nobel Prize (@NobelPrize) October 8, 2015
Аднак сёння выданні новых твораў Святланы Алексіевіч упершыню бачаць свет за межамі Беларусі. З-за крытыкі беларускіх уладаў пісьменніца перыядамі жыла па-за Беларуссю, у тым ліку ў Італіі, Францыі, Германіі і Швецыі.
Святлана Алексіевіч нарадзілася 31 траўня 1948 года ў Івана-Франкоўску (Украіна) у сям'і беларуса і ўкраінкі. Пасля заканчэння сярэдняй школы Алексіевіч працавала настаўнікам і журналістам. З 1967 па 1972 яна вывучала журналістыку ў Мінску (Белдзяржуніверсітэт).
Запісы медсястры і пісьменнніцы Соф'і Фядорчанкі (1888-1959) досведаў рускіх салдат падчас першай сусветнай вайны і дакументальныя аповесці Алеся Адамовіча (1927-1994) пра другую сусветную адыгралі для Алексіевіч значную ролю. Сусветную вядомасць атрымалі яе творы "У вайны не жаночае аблічча", "Чарнобыльская малітва", "Цынкавыя хлопчыкі", "Час сэканд-хэнд" ("Канец чырвонага чалавека"), "Апошнія сведкі".
Раней, у 2006 годзе, на Нобелеўскую прэмію быў намінаваны беларускі паэт Рыгор Барадулін за зборнік вершаў "Ксты", які ўпершыню быў выдадзены ў 2005-м і перакладзены на шмат замежных моваў.
Іншай манументальнай фігурай беларускае літаратуры і грамадскае думкі, якая разглядалася на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1990-я гады, стаў Васіль Быкаў (якога часам называюць "сумленнем нацыі") - за вялікі талент і маральную смеласць ён быў намінаваны разам з такімі выдатнымі майстрамі, як Іосіф Бродскі і Чэслаў Мілаш.