Анлайн-лекцыя Ірыны Палешчук «Біямедыцынскія дыстапіі і страта інтымнага»

Медыцынскія інавацыі ў практыках лячэння паступова ліквідуюць традыцыйныя формы ўзаемадзеяння паміж пацыентам і лекарам —асабістая камунікацыя паступова выцясняецца або пераносіцца ў сферу найноўшых тэхналогій. Змяняецца і бачанне цела хворага, а таксама разуменне стану «быць-здаровым». 16 чэрвеня | 19:00 | Лекторый ECLAB “Common Future”. Рэгістрацыя анлайн. За дзве гадзіны да правядзення лекцыі скінуць спасылку і пароль для далучэння да zoom-канферэнцыі.

Існуючы біямедыцынскі дыскурс усё часцей падыходзіць да цела хворага праз функцыянальнасць. З аднаго боку, гэта дэманструе павышаную ўвагу да цела, усталёўваючы новыя нормы здароўя, а з другога боку, само цела суб'екта з яго вымярэннем інтымнага знікае.

Напрыклад, медыцынскія тэхналогіі, якія дапамагаюць ліквідаваць боль (TMS), разглядаюць цела і як тэхнічны аб'ект, і як новы тэхнічны сродак, сцвярджаючы практыку тэхнічнага пратэзавання. Такім чынам пратэзуецца не толькі цела, але і ўся наша рэальнасць, у якой канчаткова прызнаецца недасканаласць хворага чалавека.

Пра лектарку:

Ірына Паляшчук — мастацтвазнаўца, філосафка, кандыдат філасофскіх навук, кіраўніца Цэнтру Практычнай фенаменалогіі (Фінляндыя). Вывучала мастацтва, мастацтвазнаўства, тэорыю і гісторыю культуры, філасофію, практычную філасофію ў Беларусі, Італіі, Бельгіі і Фінляндыі. Выкладала ў ЕГУ (Мінск 2000 – 2004 г., Вільня 2005 – 2017), ва Ўніверсітэце Хельсінкі (2010-2012), ва ўніверсітэце Асакі (2014, 2015, 2016); постдок ва ўніверсітэце Хельсінкі, спецыялізацыя «практычная філасофія» (2013 – 2017).
Стажыравалася ў навуковых цэнтрах Японіі (Універсітэт Асакі), Францыі (Універсітэт Чыкага), Іспаніі (Універсітэт Каталоніі) і ЗША (Універсітэт Бафала).

Крыніца: facebook.com