Адрытае грамадства: Стыпендыі для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэтаў
Фундацыя "Адкрытае грамадства" прапануе стыпендыі ў падтрымку міжнароднай акадэмічнай мабільнасці студэнтаў-дактарантаў і выкладчыкаў універсітэтаў. Стыпендыі выдаткоўваюцца на кароткатэрміновыя міжнародныя акадэмічныя праекты - даследчыя візіты (для карыстання бібліятэкамі, архівамі, рэсурсамі ўніверсітэтаў), развіццё навучальнай праграмы/курсу і міжнароднае супрацоўніцтва для ўзгаднення навуковых публікацый.
Фундацыя зыходзіць з таго, што ўніверсітэты ёсць жыццёва важнай часткай грамадства і граюць значную ролю ў дасягненні прагрэсіўных сістэмных зменаў, распрацоўцы інавацыных рашэнняў.
Стыпендыі выдаткоўваюцца на падставе значнасці даследаванняў і сувязі з мясцовымі супольнасцямі ў справе паглыблення дэбатаў па складаных грамадскіх пытаннях.
Стыпендыі выдаткоўваюцца на праекты тэрмінам 2-9 месяцаў. Памер стыпендыі для студэнтаў-дактарантаў складае 10 тыс. даляраў ЗША, для выкладчыкаў - 15 тыс. даляраў ЗША.
Суіскальнікамі могуць з'яўляцца:
- студэнты-дактаранты, якія навучаюцца ва ўніверсітэце сваёй краіны альбо ў замежнай вышэйшай навучальнай установе,
- выкладчыкі факультэтаў універсітэтаў (поўная занятасць).
Вітаюцца праекты ў наступных дысцыплінах: права, заканадаўства і кіраванне; устойлівае развіццё і кіраванне прыроднымі рэсурсамі; эканамічныя правы і пашырэнне магчымасцяў бедных; ахова здароўя, сацыяльная праца і развіццё супольнасці; палітыка і заканадаўства ў галіне новых медыя; інклюзіўная адукацыя; пост-канфліктныя даследаванні; правы чалавека.
Прымаюцца заяўкі кандыдатаў наступных краін: Беларусь, Малдова Боснія і Герцэгавіна, Сербія, Косава, Македонія, Азербайджан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Манголія, Палестына, Туніс, Егіпет, Сірыя, Емен, Судан, Паўднёвы Судан, Афганістан, Албанія, Ангола, Камбоджа, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Рэспубліка Конга, Эрытрэя, Экватарыяльная Гвінея, Гвінея, Папуа Новая Гвінея, Гаіці, Свазілэнд, Экватарыяльная Гвінея, Эфіопія, Лаос, М'янма, Непал.
У стыпендыяльнай праграме адсутнічае дыскрымінацыя па падставе ўзросту, расы, колеру, полу, рэлігіі, сэксуальнае арыентацыі, інваліднасці.
Заяўкі падаюцца выключна анлайн да 15 лютага 2016 года. Падрабязнасці - на гэтай старонцы (pdf).
Паводле OpenSocietyFoundations.org