Абвяшчаем новы набор у Школу мэраў
Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання СІМПА абвяшчаюць новы набор у Школу мэраў. Удзел у праграме Школы мэраў бясплатны. Працоўныя мовы – беларуская і руская. Заяўку ў Школу мэраў трэба запоўніць да 23 студзеня.
"Разам да справы!" – гэта лозунг Школы мэраў, дзе разумеюць, што талакой можна дасягнуць вялікіх мэтаў і ў буйным горадзе, і ў маленькім мястэчку. Але часам недастаткова толькі супольна працаваць, трэба яшчэ і вучыцца. Набыць неабходныя веды і навыкі па тым, як эфектыўна прасоўваць інтарэсы супольнасці, можна ў Школе мэраў за 100 гадзін навучання з экспертамі з Беларусі, Літвы і Ўкраіны.
Праграма Школы мэраў складаецца з 4 сесій з інтэнсіўнымі тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі, а таксама працы над індывідуальнымі і групавымі праектамі цягам 9 месяцаў:
- 1 сесія (Беларусь, 2-4 лютага 2018 г.) - прынцыпы ўстойлівага развіцця і добрага кіравання, асновы публічнага адміністравання, мясцовае самакіраванне і грамадскія фінансы.
- 2 сесія (Літва, вясна 2018) - практычны вопыт рэформаў на шляху да рынкавай эканомікі і сучаснага дзяржаўнага кіравання ў краінах Балтыі.
- 3, 4 сесіі (Беларусь, лета, восень 2018) - навыкі вядзення публічных дыскусій, падрыхтоўкі стратэгічных і юрыдычна значных дакументаў, прасоўвання і абароны грамадскіх інтарэсаў, працы са смі, працы ў камандзе і лідэрства, кіравання праектамі.
Лепшыя слухачы дадаткова змогуць пазнаёміцца з досведам Малдовы па супрацоўніцтве паміж грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады.
Адбор у Школу мэраў праводзіцца шляхам конкурсу з наступнымі крытэрамі:
- узрост 20-35 год;
- вопыт абароны і прасоўвання грамадскіх інтарэсаў на мясцовым узроўні;
- роля і прызнанне ў мясцовай супольнасці (рэкамендацыі ад лакальных НДА, органаў улады і кіравання, бізнесу);
- матывацыя (як атрыманыя веды будуць выкарыстаны на практыцы).
Выпускнікі першага набора Школы мэраў – гэта сапраўдны прафесійны рэсурс, рухавік і апора для сваіх рэгіёнаў. Станьце разам з намі і вы, станьце лепшымі!
Крыніца: sympa-by.eu