16 верасня - Ноч кажаноў у Мінску!

У межах 20-й Міжнароднай ночы кажаноў, якую адзначаюць у Еўропе, Азіі, Афрыцы, ЗША і на Блізкім Усходзе, грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) запрашае ў дворык Нацыянальнага гiстарычнага музея Беларусі (Мiнск, вул. К. Маркса, 12) з 17 да 21 гадзіны 16 верасня 2016 года на ноч кажана!

Цягам вечара наведвальнікі даведаюцца, хто такія кажаны, якія віды кажаноў жывуць у Беларусі, што ім пагражае. Арганізатары распавядуць, што рабіць, калі кажан раптам стаў вашым суседам і што агульнага паміж кажанамі і дэльфінамі. І яшчэ шмат цікавага! А дзеці і дарослыя змогуць зрабіць свайго ўласнага "кажана" і забраць дадому як сувенір. Таксама АПБ прапануе Вам інфармацыйныя матэрыялы, каб далей несці веды пра кажаноў сваім сябрам і знаёмым.

Кажаны - не птушкі, але патрабуюць не меншай увагі і аховы. Адна з праблем датычыцца дрэннага «іміджу» кажаноў -  пры сутыкненні з чалавекам кажана рэдка чакае цёплае стаўленне... Важна з маленства ўсведамляць, тлумачыць дзеткам, што гэта не жудасныя істоты з фільмаў жахаў, а паўнапраўныя гаспадары горада і гэтага свету, якіх варта паважаць і шанаваць. На нашым мерапрыемстве будзе магчымасць развеяць стэрыатыпы аб гэтых жывёлах як дзеткам, так і дарослым, даведацца аб іх шмат новага, а таксама зразумець, як сябе правільна паводзіць пры сустрэчы - часам кажаны выпадкова завітваюць у кватэры. Новыя веды і свой уласны сувенірны кажанчык чакаюць вас!

Мерапрыемства праходзіць у межах 20-й Міжнароднай ночы кажаноў, якую адзначаюць у Еўропе, Азіі, Афрыцы, ЗША і на Бліжнім Усходзе. Напрыканцы жніўня і ў пачатку верасня ў розных краінах свету адбываецца шмат мерапрыемстваў, дзе людзі могуць больш даведацца пра кажаноў, іх асаблівасці ды іх значную ролю ў прыродзе. А таксама пра тое, якім чынам іх абараняць. Міжнародная ноч кажаноў праходзіць у межах Пагаднення аб захаванні папуляцый еўрапейскіх кажаноў (EUROBATS).

Крыніца: Ptushki.org