28 Верасня 2011
Ініцыятыва “Усходняе партнёрства” была прапанавана Еўрапейскім Cаюзам з мэтай падтрымкі рэформаў у шасці краінах усходняга вымярэння і ўмацавання іх адносін з ЕС на аснове агульных каштоўнасцей – і найперш – дэмакратычнага развіцця і вяршэнства закону. Разам з прасоўваннем эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў у Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне, Еўразвяз застаецца адданым далейшаму распаўсюджанню дэмакратычных норм і каштоўнасцей у шасці партнёрскіх краінах.
Другі Саміт “Усходняга партнёрства” , які праходзіць у Варшаве, – добрая магчымасць прааналізаваць на высокім узроўні прагрэс імплементацыі Ініцыятывы і абмеркаваць прыярытэты на будучыню. Фінальная дэкларацыя Саміту будзе адлюстроўваць цяперашні ўзровень ўзаемадзеяння і прапаноўваць перспектывы развіцця адносін на будучае.
Форум грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” застаецца заклапочаным сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, адной з краін-удзельніц Ініцыятывы. Мы вітаем высілкі з боку Еўрасаюзу ўзняць гэтыя пытанні на Варшаўскім Саміце і цвёрдую пазіцыю ЕС датычна вызвалення ўсіх палітвязняў як умовы пачатку дыялогу з Беларуссю. На такія моманты, як існаванне палітзняволеных і катаванняў, якія некаторыя з іх зазналі падчас знаходжання за кратамі, пераслед за грамадскую і палітычную дзейнасць, сур’ёзнае абмежаванне свабоды сходаў, асацыяцый і свабоды слова, павінна быць звертнута пільная ўвага.
Мы са шкадаваннем даведаліся, што ў папярэднюю версію Дэкларацыі Саміта не ўключана падрымка пазіцыі ЕС пяццю астатнімі краінамі УП. Мы заклікаем кіраўнікоў дзяржаў і старшынь урадаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны сінхранізаваць сваю пазіцыю па Беларусі з той, якой прытрымліваецца ў гэтым пытанні ЕС. На нашу думку, краіны “Усходняга партнёрства” разам з 27 дзяржавамі-сябрамі Еўрасаюзу маглі б даслаць выразны сігнал беларускім уладам, заклікаўшы іх да як мага хутчэйшага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных і пачатку дыялога з палітычнай апазіцыяй і грамадязнскай супольнасцю.
Зварот Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці УП да ўдзельнікаў Саміта “Усходняга партнёрства”.
сер, 2011-09-28 15:43