Дзяніс Мельянцоў і Віталь Сіліцкі
Падвышэнне коштаў на шэнгенскія візы і ўваходжанне суседніх з Беларуссю краінаў у Шэнгенскую зону са снежня мінулага года не толькі значна ўскладнілі памежныя кантакты, але таксама аказваюць адмоўны іміджавы эфект для самога Еўрапейскага саюза, што ўскосна спрыяе ўзмацненню рэпрэсіўнай палітычнай сістэмы. Гэтыя тэндэнцыі цалкам супярэчаць намеру Еўрапейскага саюза спрыяць дэмакратызацыі Беларусі праз дыялог з грамадствам. Адсутнасць палітычнай волі ўнутры ЕС і нежаданне афіцыйнага Мінску зрабіць крок насустрач не дазваляюць вырашыць праблему з высокімі коштамі на шэнгенскія візы для беларусаў праз цэнтральныя ворганы ЕС. Еўрапейскаму Саюзу неабходна зразумець, што візавае пытанне з’яўляецца адным з нешматлікіх інструментаў палітыкі, які можа быць выкарыстаны для ўзмацнення пазітыўных палітычных і сацыяльных зменаў у Беларусі. Для гэтага неабходна змяніць “спосаб мыслення” ў Брусэлі і краінах-сябрах: візавая палітыка павінна перастаць быць інструментам міждзяржаўных стасункаў і стаць часткай праактыўнай палітыкі, скіраванай непасрэдна на грамадствы суседніх з ЕС краін і, асабліва, на Беларусь. Са свайго боку, беларуская грамадзянская супольнасць павінна зрабіць свой уласны ўнёсак праз інтэнсіфікацыю праеўрапейскай акрыўнасці ўнутры краіны. У той жа час, для палягчэння візавай працэдуры могуць быць выкарыстаныя і інструменты, існуючыя ў межах сёняшняга шэнгенскага заканадаўства.
Далей