Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: папярэдняя справаздача па выніках назірання за зборам подпісаў

 папярэдняя справаздача па выніках назірання за зборам подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты19 лістапада 2010 года

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010:
папярэдняя справаздача па выніках назірання за зборам подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты

Чытаць тэкст у пдф


АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Збор подпісаў адбываўся з 30 верасня па 29 кастрычніка у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса, якая спрасціла парадак запаўнення падпісных лістоў і дазволіла збор подпісаў у форме пікетаў без атрымання папярэдяга дазволу ўладаў пры умове, што яны праводзяцца ў месцах, не забароненых мясцовымі ўладамі.

2. У той жа самы час тлумачэнні ЦВК аб парадку збору подпісаў стварылі прававую аснову для ўдзелу у зборы подпісаў асобаў, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп, і удзелу адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў, што наўпрост забаронена Выбарчым кодэксам.
  
3. Ініцыятыўныя групы ўсіх прэтэндэнтаў працавалі ў няроўных ўмовах ў параўнанні з ініцыятыўнай групай дзеючага Прэзідэнта. У прыватнасці, ім быў практычна забаронены доступ на тэрыторыю дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў, а таксама на тэрыторыю студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў. У той жа самы час збор подпісаў шляхам пікетавання адбываўся бяз значных перашкодаў і ў адносна роўных умовах для ўсіх кандыдатаў.

4. Пры зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі масава выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Найбольш распаўсюджанымі яго формамі былі: удзел у зборы подпісаў адміністрацый дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў, якія прымусова збіралі подпісы ў сваіх падначаленых; збор подпісаў сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі ў іх працоўны час; збор подпісаў асобамі, якія не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі (г. зв. «памочнікамі сябра ініцыятыўнай групы»).

5. Выбарчыя камісіі не дазволілі назіральнікам прысутнічаць пры праверцы сапраўднасці подпісаў, матывуючы гэта тым, што згодна з Выбарчым кодэксам назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на пасяджэннях камісій, тады як праверка адбываецца па-за пасяджэннямі. На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адсутнасць адкрытасці пры праверцы сапраўднасці подпісаў дае сур’ёзныя падставы для сумненняў у аб’ектыўнасці яе вынікаў.

6. Суб’екты выбарчага працэсу актыўна карысталіся магчымасцю судовага і іншага абскарджвання дзеянняў розных суб’ектаў, звязаных са зборам подпісаў: толькі юрыстамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» была аказаная дапамога ў складанні 51 такой скаргі (3 з іх – задаволены). Большасць вядомых скаргаў датычыла: вызначэння месцаў, забароненых для пікетаў па зборы подпісаў; перашкодаў у зборы подпісаў на тэрыторыі інтэрнатаў; парушэнняў выбарчага заканадаўства асобнымі ініцыятыўнымі групамі і іх сябрамі, у тым ліку – удзелу ў зборы подпісаў асобаў, які не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўных груп.

7. Некаторыя са скаргаў, датычных месцаў правядзення пікетаў і доступу ў інтэрнаты былі задаволеныя. У той жа самы час Цэнтральная і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не задаволілі ніводнай са шматлікіх скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства інцыятыўнай групай А. Лукашэнкі.


I. ПРАВАВАЯ БАЗА

Згодна з Выбарчым кодэксам (ВК), кандыдаты у Прэзідэнты вылучаюцца ініцыятыўнымі групамі (колькасцю не менш за 100 чалавек кожная) пры наяўнасці не меней за 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. Парадак збору подпісаў і праверкі іх сапраўднасці рэгулюецца арт. 61 ВК:

Падпісацца ў падтрымку вылучэння прапаноўваемых асоб можа кожны, хто валодае выбарчым правам, г. зн. з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў .  Выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, але толькі адзін раз у падтрымку адной і той жа кандыдатуры. Выбарчшык таксама мае права зняць свой подпіс з падпіснога ліста шляхам падачы заявы ў адпаведную выбарчую камісію. 

У падпісным лісце указваюцца (рукапісным спосабам) прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя і нумар пашпарта кожнага хто падпісаўся. Выбаршчык уласнаручна ставіць у падпісным лісце дату і подпіс.

Удзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў, гэтак жа як і прымус у працэсе зборы подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкам за ўнясенне подпісаў не дапускаецца. прэтэндэнты на статус кандыдата ў Прэзідэнты не маюць права прыцягваць асобаў, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для ажыцяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты.

Праверцы падлягаюць 20% подпісаў, здадзеных у адпаведную камісію ў падтрымку кожнага з прэтэндэнтаў. У выпадку, калі колькасць знойдзеных несапраўдных подпісаў складзе больш 15% ад колькасці правераных, праводзіцца дадактовая праверка яшчэ 15% подпісаў. У выпадку, калі сумарная колькасць несапраўдных подпісаў, выяўленых пры праверцы, складзе больш 15% ад колькасці правераных подпісаў, праверка спыняецца і ўсе подпісы выбаршчыкаў у здадзеных падпісных лістах не ўлічваюцца пры вызначэнні выніку збора подпісаў у раёне (горадзе, раёне ў горадзе).

Дадзеныя аб праверцы подпісаў і падпісныя лісты перадаюцца раённымі, гарадскімі, раённымі ў горадзе камісіямі ў абласныя, Мінскую гарадскую камісіі, якія таксама маюць права на працягу пяці дзён правесці праверку дакладнасці подпісаў. Абласныя і Мінская гарадская камісіі ўстанаўліваюць колькасць выбарчшыкаў, якія паставілі свае подпісы і падводзяць вынікі па вобласці і г. Мінску, складаюць аб гэтым пратаколы і перадаюць іх ў ЦВК.

У параўнанні з выбарамі Прэзідэнта ў 2006 годзе, выбары адбываюцца паводле Выбарчага кодэкса 2000 года ў рэдакцыі ад 4 студзеня 2010 года. Асноўныя змены ў працэдуры збору і праверкі подпісаў, якія кампанія «Правабаронцы за свабодныя выбары» лічыць пазітыўнымі, датычацць наступнага:

1) у падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым падзелам – аднаго раёна (а не аднаго населенага пункта, як ў папярэдняй рэдакцыі ВК);

2) магчымасць збору подпісаў выбаршчыкаў у форме пікетавання. Атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для ўказаных мэтаў не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі органамі ўлады;

3) падпісныя лісты завяраюцца сябрам ініцыятыўнай групы. Завярэнне падпісных лістоў пячаткамі кіраўнікоў мясцовых органаў улады, на тэрыторыі якіх ажыцяўляўся збор подпісаў, больш не патрабуецца;

4) калі ў падпісных лістах, якія паступілі ў раённую, гарадскую, раённую ў горадзе камісію, утрымліваюцца подпісы выбаршчыкаў, якія пражываць на тэрыторыі розных раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, раёнаў у горадзе, праверцы і ўліку падлягаюць толькі подпісы, сабраныя на адпаведнай тэрыторыі. Астатнія подпісы не правяраюцца і не ўлічваюцца. У папярэдняй рэдакцыі ВК подпісы выбаршчыкаў, якія пражывалі не ў адным населеным пункце, прызнаваліся несапраўднымі.

Акрамя ВК, парадак збору подпісаў і праверкі іх сапраўднасці растлумачаны ў Метадычных рэкамендацыях «Арганізацыйна-прававыя пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў», зацвержданых пастановай ЦВК №43 ад 15 верасня, а таксама ў дзвюх іншых яе пастановах (№47 ад 15 верасня і №96 ад 5 лістапада 2010 года).

    На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», асобныя палажэнні гэтых тлумачэнняў не адпавядаюць арт. 61 Выбарчага кодэкса.

Напрыклад, п. 6 пастановы ЦВК №47 прадугледжвае магчымасць запаўнення падпісных лістоў не толькі сябрамі ініцыятыўных груп і выбаршчыкамі, якія падпісваюцца, але і іншымі асобамі (па просьбе выбаршчыкаў) – пры тым, што арт. 61 ВК утрымлівае імператыўнае патрабаванне аб зборы подпісаў выключна сябрамі ініцыятыўных груп і не прадугледжвае дэлегаванне паўнамоцтваў сябра ініцыятыўнай групы трэцім асобам. Арт. 61 таксама абавязвае выбарчыя камісіі прызнаваць несапраўднымі ўсе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі яны былі сабраныя асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы.

Акрамя таго, насуперак катэгарычнай забароне ўдзелу адміністрацый у зборы подпісаў, якая ўтрымліваецца ў арт. 61, ЦВК дазволіла ўдзел прадстаўнікоў адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў у непрацоўны час (Метадычныя рэкамендацыі).

II. ЗБОР ПОДПІСАЎ

Да 24 верасня, як і было прадугледжана Каляндарным планам выбараў, мясцовыя ўлады вызначылі месцы, забароненыя для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. За выключэннем Мінска, дзе абмежаванні былі мінімальнымі, у большасці гарадоў пад забарону трапілі тэрыторыі, размешчаныя на адлегласці менш за 50–200 метраў ад падземных пераходаў; тэрыторыі ў радыусе 50 метраў ад цэнтральных гарадскіх плошчаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, вакзалаў і адміністрацыйных будынкаў, ці ўвогуле ўсе месцы, «дзе функцыянаванне пікетаў будзе чыніць перашкоды дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў ці мець небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў пікетаў».

Такім чынам, спачатку мясцовыя ўлады фактычна забаранілі збор подпісаў ў месцах, якія з’яўляюцца найбольш зручнымі для кантакту з выбаршчыкамі. Аднак у далейшым шмат якія выканкамы прынялі новыя (ці ўнеслі змены ў раней прынятыя) рашэнні па гэтым пытанні, што значна пашырыла магчымасці для збору подпісаў. Сам збор подпісаў шляхам пікетавання праходзіў без значных перашкод з боку уладаў.

У той жа самы час ініцыятыўныя групы з самага пачатку былі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы ў параўнанні з ініцыятыўнай групай дзеючага Прэзідэнта. Яе сябрам была прадастаўлена магчымасць збіраць подпісы ў тых месцах, дзе іншыя ініцыятыўныя групы такой магчымасці не мелі. Напрыклад, у той час, калі група А. Лукашэнкі свабодна збірала подпісы ў будынку Мінскага чыгуначнага вакзала, адміністрацыя апошняга не дазваляла рабіць гэта ніводнай з іншых ініцыятыўных груп. Гэтак жа немагчымы для ініцыятыўных груп быў збор подпісаў на тэрыторыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе, у той жа самы час, ішоў масавы збор подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта. Па ўсёй краіне кіраўніцтва студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў у абсалютнай большасці выпадкаў адмаўляла сябрам ініцыятыўных груп (акрамя групы А. Лукашэнкі) збіраць подпісы ў інтэрнатах, матывуючы гэта адсутнасцю адпаведнага дазволу з боку кіраўніцтва ўстановаў, у адміністрацыйным падпарадкаванні якіх гэтыя інтэрнаты знаходзяцца.

Збор подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі суправаджаўся масавым выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Агульнае кіраванне зборам подпісаў за дзеючага Прэзідэнта ажыццяўлялі выканкамы. Адказныя за ідэалагічную працу ва ўстановах і на прадпрыемствах і кіраўнікі упраўленняў адукацыі давалі падначаленым указанні аб тым, колькі подпісаў павінна быць сабрана, а таксама крытыкавалі за невыкананне заданняў. Планавыя лічбы складалі ад 16 да 500 подпісаў на кожнага настаўніка ці іншага работніка бюджэтнай сферы, задзейнічанага ў зборы подпісаў.

Найбольшы грамадскі рэзананс атрымала гісторыя з арганізацыяй збору подпісаў настаўнікамі ў Ленінскім р-не г. Мінска. З 14 кастрычніка на працягу двух тыдняў Упраўленне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска забяспечвала ўдзел супрацоўнікаў устаноў адукацыі ў пікеце па зборы подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі на пляцоўцы каля рынка «Серабранка». Да кіраўнікоў школ і дзіцячых садкоў раёна быў даведзены графік удзелу ў пікеце, складзены, паводле кіраўніка аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы згаданага Упраўлення Анжэлы Насковай, па рэкамендацыі і з удзелам прадстаўніка штаба А. Лукашэнкі. Пры гэтым А. Наскова сцвярджала, што падначаленыя ўпраўленню працоўныя калектывы і асобныя супрацоўнікі маглі адмовіцца ад удзелу ў пікеце.

Як і падчас выбарчай кампаніі 2006 года, ініцыятыўная група А. Лукашэнкі ладзіла прымусовы збор подпісаў у дзяржаўных установах і прадпрыемствах пры шырокім і непасрэдным удзеле адміністрацый, што забаронена заканадаўствам. Пры гэтым распаўсюджанай з’явай быў збор подпісаў без пашпартоў грамадзян, калі неабходныя звесткі заносіліся ў падпісныя лісты паводле інфармацыі аддзелаў кадраў прадпрыемстваў і устаноў.

Подпісы ў падтрымку Лукашэнкі збіралі як сябры яго ініцыятыўнай групы, так і асобы, якія ў яе не ўваходзілі. Пры гэтым збор подпісаў у падтрымку Лукашэнкі асобамі, якія не з’яўляліся сябрамі яго ініцыятыўнай групы, меў месца не толькі ў памяшканнях дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, а нават на вулічных пікетах.

Адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстановаў у масавым парадку, пад пагрозай звальнення ці адлічэння, забаранялі падпісвацца і ўдзельнічаць у зборы подпісаў за каго-небудзь, акрамя дзеючага Прэзідэнта. Падобныя ўльтыматумы адкрытым тэкстам гучалі з вуснаў многіх кіраўнікоў. У шматлікіх выпадках, калі кіраўнікам станавілася вядома пра тое, што іх падначаленыя паставілі свой подпіс не за А. Лукашэнку, то гэтак жа ўльтыматыўна яны патрабавалі гэтыя подпісы адклікаць ці адмовіцца ад іх.

Назіральнікі кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» адзначылі асобныя выпадкі ціску на сяброў ініцыятыўных груп у сувязі са здачай подпісаў. У Слуцкім р-не (Мінская вобл.) адзін з сяброў ініцыятыўнай групы У. Някляева не здаў у раённую выбарчую камісію ўжо запоўненыя ім падпісныя лісты з прычыны ціску на яго з боку дырэктара сярэдняй школы, у якой ён працуе настаўнікам. У Баранавічах (Брэсцкая вобл.) сябру ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса патэлефанавала невядомая асоба, якая прыгразіла, што ў выпадку, калі подпісы будуць здадзеныя, іх зборшчык не зможа спакойна жыць у краіне.

Мелі месца выпадкі адмовы з боку ТВК прымаць лісты з подпісамі, якія былі сабраныя не тымі асобамі, што здавалі лісты. Напрыклад, Свіслацкая раённая выбарчая камісія (Гродзенская вобл.) адмовілася прымаць подпісы ў падтрымку Рыгора Кастусёва ад сябра яго ініцыятыўнай групы Анатоля Валюка, матывуючы адмову тым, што ён прынёс не толькі свае подпісы. Подпісы былі прынятыя толькі пасля звароту А. Валюка у ЦВК.

Згодна з Мэтадычнымі рэкамендацыямі ЦВК, ў журнале ўваходных дакументаў выбарчых камісій фіксавалася толькі колькасць здадзеных падпісных лістоў, а не колькасць здадзеных подпісаў, што не выключала магчымасці адвольнага павелічэння ці змяншэння выбарчымі камісіямі колькасці подпісаў, здадзеных за асобных прэтэндэнтаў.

III. ПРАВЕРКА САПРАЎДНАСЦІ ПОДПІСАЎ

Праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах праходзіла з 5 па 15 лістапада. На пачатку праверкі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошіна публічна выразіла сумненні ў адпаведнасці шмат якіх падпісных лістоў нормам выбарчага заканадаўства: «Занадта шмат памылак кідаецца ў вочы <…> Ёсць больш тонкія падробкі, калі частка тытульная зроблена рукапісна. А ёсць грубая падробка, дзе ўсё скапіявана. Частка лістоў пойдзе на экспертызу» . Аднак напрыканцы этапу праверкі Л. Ярмошына паведаміла, што 10 з 11 прэтэндэнтаў маюць «рэальныя шанцы быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў» , а сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначыў, што «жорсткі падыход да этапу рэгістрацыі», характэрны для мінулых выбарчых кампаній, у сёлетняй кампаніі прымяняцца не будзе .

Сапраўды, толькі ў некалькіх раённых выбарчых камісіях колькасць прызнаных несапраўднымі подпісаў у падтрымку асобных кандыдатаў перавысіла 15%, у выніку чаго ўсе подпісы за канкрэтнага прэтэндэнта былі скасаваны. Напрыклад, на пасяджэнні Салігорскай ТВК 8 лістапада былі агучаны дадзеныя, паводле якіх подпісы толькі за 5 з 9 прэтэндэнтаў былі прызнаны сапраўднымі. Пасля дзвюх праверак, 18,9% правераных подпісаў за Алеся Міхалевіча былі прызнаны несапраўднымі; 16% – за Уладзіміра Някляева; больш за 20% – за Андрэя Саннікава; больш за 15% – Дзмітрыя Уса, што азначае скасаванне ўсіх подпісаў, сабраных за пералічаных прэтэндэнтаў на тэрыторыі Салігорскай ТВК.

Паводле сведчанняў назіральнікаў, працэдуры праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах паўсюль адбываліся ў закрытым рэжыме. Як правіла, назіральнікам афіцыйна адмаўлялі ў магчымасці назіраць за працэдурай. Напрыклад, назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не змаглі прысутнічаць пры праверцы сапраўднасці подпісаў ні ў адной з выбарчых камісій Гродзенскай вобласці.  Нягледзячы на неаднаразавыя афіцыйныя звароты ў Салігорскую раённую выбарчую камісію (Мінская вобл.), назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леаніда Мархотку і сяброў ініцыятыўнай групы У. Някляева не дапусцілі назіраць за праверкай подпісаў. Л. Мархотка змог прысутнічаў толькі на выніковым пасяджэнні камісіі. Яму было таксама адмоўлена ў прадстаўленні матэрыялаў праверкі падпісных лістоў.

У якасці тыповай адмовы ў магчымасці назіраць за праверкай сапраўднасці подпісаў можна прывесці словы старшыні Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі (Брэсцкая вобл.) Аляксандра Неліповіча, які спаслаўся на арт. 13 ВК: «Вы, як зарэгістраваны назіральнік у раённай выбарчай камісіі, маеце права прысутнічаць на пасяджэннях камісіі. Праверка подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь <…> з’яўляецца рабочым момантам камісіі. Матэрыялы праверкі даставернасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах разглядаюцца на пасяджэнні раённай камісіі».

Пры гэтым трэба адзначыць, што арт. 13 ВК утрымлівае вычарпальны пералік абмежаванняў правоў назіральніка. Забароны на ажыцяўленне назірання пры працэдуры праверкі подпісаў у тэрытарыяльных камісіях дадзены артыкул не ўтрымлівае. Пры ажцяўленні назірання ўдзельнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зыходзілі з прынцыпу транспарэнтнасці ўсіх этапаў выбарчай каманіі, у тым ліку і працэдуры праверкі подпісаў, якая ўсталяваная ВК.

На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»,  адсутнасць адкрытасці пры праверцы сапраўднасці подпісаў дае сур’ёзныя падставы для сумненняў ў аб’ектыўнасці праверкі і яе вынікаў. Найбольш закрытым для назірання быў адбор падпісных лістоў для выбарачнай праверкі. Напрыклад, у Мазырскай раённай выбарчай камісіі (Гомельская вобл.) 20% подпісаў былі загадзя адабраныя сакратаром і перададзены сябрам камісіі для праверкі ў асобным кабінеце без удзелу назіральніка.

У той жа самы час, у асобных выпадках, чаго не фіксавалася падчас ранейшых выбарчых кампаній, назіральнікі маглі бачыць некаторыя дзеянні камісій па праверцы сапраўднасці подпісаў. Напрыклад, працэс выбаркі лістоў для праверкі ў Першамайскай раённай выбарчай камісіі г. Мінска назіральнік бачыць не мог, але атрымаў магчымасць назіраць за выбракоўваннем лістоў, выбарачнымі тэлефанаваннямі выбаршчыкам, напісаннем заяваў выбаршчыкамі, за якіх паставілі подпісы, складаннем актаў праверкі ды інш.

Не пагадзіліся з вынікамі праверкі подпісаў і некаторыя сябры Мінскай гарадской камісіі. Так сябры дадзенай камісіі Галіна Сямдзянава, Юрый Хадыка і Аляксей Сігаеў указалі іншым сябрам Мінскай гарадской камісіі аб тым, што ў камісіях Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў г. Мінска акты аб колькасці подпісаў, якія не падлягаюць праверцы, былі складзеныя не па форме, зацверджанай ЦВК. У выніку аказалася, што ў кожнага кандыдата была пазначаная колькасць подпісаў, меншая за здадзеную. Дадзеныя раённыя камісіі былі вымушаныя перарабляць акты і пратаколы, а гарадская камісія пераносіць сваё пасяджэнне. У сувязі з тым, што сябры Мінскай гарадской камісіі Г. Сямдзянава, Ю. Хадыка і А. Сігаеў не змаглі падцвердзіць сапраўднасць лічбаў, прадстаўленых раённымі выбарчымі камісіямі, яны адмовіліся падпісаць адпаведныя пратаколы Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Акрамя таго, Г. Сямдзянава далучыла да дадзеных пратаколаў асаблівае меркаванне сябра выбарчай камісіі.

Падчас прадастаўлення ў ЦВК дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам ў Прэзідэнты, адбыўся інцыдэнт з подпісамі ў падтрымку У. Някляева. 1 лістапада Л. Ярмошына паведаміла, што за Някляева здадзены 161 824 подпісы, а ўжо 3 лістапада яна агучыла новую лічбу – 193 829 подпісаў. Гэтая, паводле афіцыйнай версіі, тэхнічная памылка (у графе «Віцебская вобласць» застаўся прабел) выявіла істотны недахоп працэдуры праверкі подпісаў. Адсутнасць афіцыйных дадзеных з тэрытарыяльных выбарчых камісій аб колькасці атрыманых імі подпісаў, сур’ёзна зніжае ўзровень даверу да выніковых лічбаў, агучаных ЦВК .

IV. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ СА ЗБОРАМ ПОДПІСАЎ

Удзельнікі выбарчага працэсу актыўна карысталіся магчымасцю судовага і іншага абскарджвання дзеянняў розных суб’ектаў, звязаных са зборам подпісаў. Толькі юрыстамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» была аказана дапамога ў складанні 51 скаргі (з якіх былі задаволены толькі 3). Агульная колькасць скаргаў, пададзеных у сувязі са зборам подпісаў у мясцовыя органы ўлады, выбарчыя камісіі, пракуратуру і суд, невядомая, але, відавочна, значна перавышае названую вышэй лічбу. У большасці вядомых выпадкаў скаргі датычыліся:

1)    вызначэння месцаў, дзе забаронены пікеты па зборы подпісаў;

2)    перашкодаў у зборы подпісаў на тэрыторыі інтэрнатаў;

3)    парушэнняў выбарчага заканадаўства асобнымі ініцыятыўнымі групамі і іх сябрамі, у тым ліку – удзелу ў зборы подпісаў асобаў, які не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўных груп.

Найбольш паспяховым было абскарджанне рашэнняў выканкамаў аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Напрыклад, у сувязі з зваротам Рамана Юргеля ў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт па пытанні аб змене рашэння апошняга аб вызначэнні месцаў, забароненых для збору подпісаў, рашэнне гарвыканкама было зменена. Аналагічныя выпадкі мелі месца ў Маладзечна (Мінская вобл.) і іншых населеных пунктах.

Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты неаднаразова падавалі скаргі на забарону збіраць подпісы ў інтэрнатах. Так, напрыклад, былі абскарджаны дзеянні адміністрацыі інтэрнатаў будаўнічага трэсту і жыллёва-эксплуатацыйнага ўпраўлення ААТ «Белшына» (г. Бабруйск Магілёўскай вобл.), інтэрнатаў №3 і №10 БДУ (г. Мінск), інтэрната №4 Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта (г. Мінск) і іншых.

У большасці выпадкаў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адмаўлялі ў задавальненні такіх скаргаў, спасылаючыся на парушэнне сябрамі ініцыятыўных груп правілаў унутранага распарадку інтэрнатаў. У той жа час, мелі месца адзінкавыя выпадкі станоўчага разгляду скаргаў на нядопуск зборшчыкаў подпісаў у інтэрнаты. Так, у сувязі з скаргай Т. Тхаровай у Ленінскую раённую выбарчую камісію г. Брэста на забарону наведвання інтэрната ААТ «Брэсцкі завод бытавой хіміі», камісія дала ўказанне прапусціць Т. Тхарову ў інтэрнат і не перашкаджаць збору подпісаў.

Значная колькасць скаргаў і зваротаў датычылася парушэння выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі. Пры разглядзе гэтых скаргаў Цэнтральная і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не выявілі ні аднаго парушэння выбарчага заканадаўства, нягледзячы на тое, што апошнія мелі відавочны характар. Не былі ўстаноўлены парушэнні дзеючага заканадаўства і ў сувязі са скаргамі на ўдзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў за А. Лукашэнку, у тым ліку ў працоўны час, а таксама па фактах прыцягнення імі сваіх непасрэдных падначаленых для ўдзелу ў зборы подпісаў за Лукашэнку.

Напрыклад, скаргі Вячаслава Дыянава і Мікіты Краснова тычыліся факта ўдзелу студэнтаў БДУІР у пікеце па зборы подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі каля крамы «Дом мэблі» па вул. Веры Харужай (г. Мінск) у вучэбны час. Дадзеныя студэнты не з’яўляліся сябрамі ініцыятыўнай групы і «дапамагалі» збіраць подпісы выбаршчыкаў, сябру ініцыятыўнай групы, прарэктару па вучэбнай працы А. Хмылю. Пры разглядзе скаргі ў Мінскай гарадской выбарчай камісіі А. Хмыль пацвердзіў, што ўдзел у пікеце прымалі студэнты БДУІР, а таксама тое, што ў той момант ён не знаходзіўся ў працоўным адпачынку. Аднак, ЦВК не ўгледзеў у дадзеным выпадку якіх-небудзь парушэнняў выбарчага заканадаўства. На думку ЦВК, А. Хмыль не знаходзіцца ў непасрэдным падначаленні ў асобы, у падтрымку якога ажыццяўляўся збор подпісаў выбаршчыкаў, і, адпаведна, мог «запрашаць» студэнтаў для ўдзелу ў пікеце. Таксама ЦВК адзначыў, што расклад заняткаў у студэнтаў можа мець свае асаблівасці і ў іх могуць быць свабодныя ад заняткаў дні. Пры гэтым у адказе на скаргі нічога не гаворыцца пра тое, ці былі канкрэтныя студэнты, якія прымалі ўдзел у пікеце, вольныя ад заняткаў ва ўніверсітэце ў гэты дзень, а таксама аб факце ўдзелу А. Хмыля ў пікеце ў працоўны час. Факт правамоцнасці збору подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы ЦВК патлумачыў, што запісы ў падпісны ліст маюць права рабіць яшчэ і «памочнікі сяброў ініцыятыўнай групы», пра якіх ВК нічога не гаворыць, утрымліваючы імператыўнае патрабаванне, што гэтыя запісы (акрамя даты і подпісу, якія ставяцца ўласнаручна тым, хто падпісваецца) могуць сябры ініцыятыўнай групы.

Аналагічным чынам, ЦВК не ўгледзеў парушэнняў ВК пры праверцы скаргі Ларысы Шчыраковай па факце збору подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі ў галоўным корпусе Беларускага універсітэта транспарту (г. Гомель) кіраўніком яго ініцыятыўнай групы па Чыгуначным р-не г. Гомеля – прарэктарам па выхаваўчай працы Галінай Чаянковой. На думку ЦВК, Г. Чаянкова ажыццяўляла збор подпісаў, знаходзячыся ў працоўным водпуску, і ніякага ціску з яе боку альбо з боку іншых прадстаўнікоў адміністрацыі універсітэта на студэнтаў не аказваўся.

Не было ўстаноўлена парушэнняў ВК у выніку разгляду скаргі Валянціна Стэфановіча па факце публікацыі на сайце Еўрарадыё дакумента пад назвай «Графік ўдзелу ў пікеце ля рынка «Серабранка» (гл. вышэй). На думку ЦВК, А. Наскова перавысіла свае службовыя паўнамоцтвы, у сувязі з чым ЦВК звярнулася да кіраўніка адміністрацыі Ленінскага р-на г. Мінска з просьбай аб прыцягненні А. Насковай да дысцыплінарнай адказнасці. У той жа час, ЦВК не знайшла ў гэтым факце ўдзелу адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў і прыцягнення непасрэдных падначаленых (не сяброў ініцыятыўнай групы) да збору подпісаў у працоўны час. ЦВК матывавала гэта тым, што А. Наскова знаходзілася ў працоўным адпачынку і ўвогуле не з’яўляецца непасрэдным кіраўніком ўказаных у графіку адукацыйных установаў.

Такім чынам, ЦВК і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі фактычна ўхіліліся ад правядзення паўнавартасных праверак па скаргах на парушэнні ВК сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі і не прынялі мер па прадухіленні злоўжывання адміністрацыйным рэсурсам пры правядзенні збору подпісаў у яго падтрымку. Найбольш паказальным у плане іх стаўлення ды скаргаў на дзеянні ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі з’яўляецца адказ ЦВК на скаргі У. Някляева ад 25 кастрычніка. У скарзе прыводзіліся шматлікія факты збору подпісаў асобамі, якія не ўваходзяць у ініцыятыўную групу А. Лукашэнкі, збор подпісаў у месцах, дзе гэта забаронена заканадаўствам. ЦВК палічыла, што інфармацыя, выкладзеная ў скарзе «або мае агульны характар і праверыць яе немагчыма, або не знайшла свайго пацвярджэння ў ходзе праведзеных праверак».

У той жа самы час, 25 кастрычніка ЦВК вынесла папярэджанне У. Някляеву за парушэнне выбарчага заканадаўства яго ініцыятыўнай групай (прыцягненне да збору подпісаў непаўнагадовых, перадача пасведчанняў сяброў ініцыятыўнай групы трэцім асобам і збор подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі яго ініцыятыўнай групы).


____________________________________________________________________________
Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org).

Праваабаронцы за свабодныя выбары!