Выбары або байкот: як вырвацца з электаральнай пасткі?

http://gdb.rferl.org/66E84401-5CCE-4FA1-8EB8-5DDF1C42F55F_mw800_s.jpgНабліжэнне парламенцкіх выбараў актывізавала дэбаты аб фармаце ўдзелу ці няўдзелу апазіцыі ў электаральным працэсе. Праціўнікі і прыхільнікі байкоту выбараў знаходзяць дастаткова аргументаў для абгрунтавання ўласнай пазіцыі. Але, пры гэтым, ні адзін з бакоў пакуль не здольны адысці ад электаральных правілаў гульні, навязаных уладамі, і прызнаць, што і байкот, і ўдзел у выбарах не з’яўляюцца для апазіцыі выйгрышнымі сцэнарамі.

Разам з тым, правядзенне апазіцыяй агульнанацыянальнай кампаніі, выкарыстоўваючы легальныя магчымасці, якія прадстаўляюцца выбарамі, але па сваім плане і са сваімі выразна акрэсленымі мэтамі, можа стаць адзіным шанцам для дэмсілаў “выскачыць” са шматгадовага апазіцыйнага гета. Такой кампаніяй магла б стаць, напрыклад, кампанія па зборы подпісаў для правядзення агульнанацыянальнага рэферэндуму па пытанні, якое было б здольнае мабілізаваць беларускае грамадства (гэта магло б быць пытанне ад выбарнасці старшыняў аблвыканкамаў і гарвыканкамаў да абмежавання колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў). Толькі такая стратэгія можа дапамагчы апазіцыі пазбегнуць загадзя пройгрышнай стратэгіі ў “дылему аб зняволеным” з тэорыі гульняў.

Выбары без выбараў

Тэма выбараў, навязаная ўладай, нязменна знаходзіць водгук у апазіцыі і практычна заўсёды прыводзіць да канфліктаў і раз’яднання ў дэмакратычным асяродку. Прытрымліваючыся даўно складзенай традыцыі, беларускія апазіцыйныя партыі ўступаюць у камунікацыю з шараговым выбаршчыкам толькі ў кароткі перадвыбарчы перыяд. Таму выбары набываюць для іх выключна важны, амаль містычны сэнс. З аднаго боку, выбары даюць магчымасць змяніць іерархію ўнутры самой апазіцыі (з’яўляюцца новыя кампаніі і рухі, выбіраюцца або не выбіраюцца адзіныя кандыдаты, з’яўляюцца і распадаюцца кааліцыі і г. д.). З іншага боку, выбары з’яўляюцца традыцыйным падставай для мабілізацыі “Плошчы”, якая адначасова ёсць мэтай, сродкам і самаапраўданнем альтэрнатыўных лідэраў, якія жывуць у парадыгме “каляровых рэвалюцый”. У рэшце рэшт, выбары даюць зманлівую надзею на цуд (уключэнне ў склад парламента, круглы стол з уладай, рэвалюцыю і г. д.). Пры гэтым пытанне сапраўднай камунікацыі з выбаршчыкамі і электаральнай капіталізацыі часцяком застаецца ў цені.

Сітуацыя складваецца традыцыйна парадаксальная: у асяроддзі партыйнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці існуе кансенсус адносна таго, што выбары ў Беларусі не з’яўляюцца свабоднымі і сумленнымі (пастаянна падкрэсліваецца, што выбараў у краіне няма), але апазіцыйныя партыі, тым не менш, заўсёды актыўна рэагуюць на выбарчы “выклік” уладаў і, з рэдкім выключэннем, гэты выклік прымаюць. І незалежна ад выбраных стратэгій, традыцыйна прайграюць.

Дылема апазіцыі

У існуючых палітычных рэаліях стаўленне апазіцыі да парламенцкіх выбараў, што павінны адбыцца восенню, прадстаўляе няпростую дылему. Выбар паміж байкотам і ўдзелам ускладняецца наяўнасцю ў краіне палітычных зняволеных, узмацненнем рэпрэсій супраць іншадумцаў, адсутнасцю палітычных і эканамічных рэформаў, а таксама, адсутнасцю перадумоў да хуткага аднаўлення праеўрапейскага вектара. Гэтыя абставіны вядуць да ўзрастання вагі “маральных” аргументаў і, адпаведна, зніжэння значнасці аргументаў “прагматычных”.

Удзел у парламенцкіх выбарах мае як плюсы, так і мінусы для дэмакратычных сіл. Па-першае, найбольш відавочным плюсам удзелу з’яўляецца магчымасць цалкам законных і легітымных зносін з выбаршчыкамі і данясення праўдзівай інфармацыі аб стане рэчаў у краіне ды альтэрнатыўных стратэгій развіцця да насельніцтва, не абхопленага невялікімі тыражамі незалежнай прэсы і ўздзеяннем незалежных радыёстанцый і інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Выкарыстанне гэтай магчымасці апазіцыяй у поўнай меры можа нават кампенсаваць камунікацыйны правал 2011 года. Маецца на ўвазе леташні эканамічны крызіс, які апазіцыя з нецярплівасцю чакала шмат гадоў і які не змагла выкарыстаць для данясення да грамадзян альтэрнатыўных стратэгій і заваёвы новых прыхільнікаў.

Па-другое, выбары – гэта заўсёды трэніроўка для актыву, магчымасць навучання для партыйнай моладзі, праверка “мускулаў” і структур, так неабходная для дэмакратычных сілаў пры адсутнасці нармальнага палітычнага працэсу. Гэта ўсё асабліва актуальна ва ўмовах, калі ў апазіцыі адсутнічае доступ да нацыянальнага тэлебачання і радыё. Выбары таксама заўсёды садзейнічаюць прытоку дадатковых рэсурсаў, што немалаважна для выжывання партыйнай апазіцыі.

На дадзены момант асноўнай стратэгіяй, пра якую спрабуюць дамовіцца апазіцыйныя лідэры, можна назваць “абумоўлены ўдзел”. Практычна ўсе апазіцыйныя палітыкі салідарныя, што забяспечыць удзел прадстаўнікоў ад партый у выбарчых камісіях малаверагодна, не кажучы ўжо пра магчымасць атрымаць хоць бы некалькі месцаў у парламенце. Акрамя таго, не існуе ілюзіяў і наконт падліку галасоў, і шэраг палітычных сіл ужо заявілі аб зняцці сваіх кандыдатаў у дзень выбараў, калі ўлады не выпусцяць палітычных зняволеных і не дапусцяць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі.

У гэтага сцэнара ёсць і шэраг мінусаў, якія для некаторых палітычных суб’ектаў пераважаюць плюсы.

Па-першае, удзел у выбарчай кампаніі ва ўмовах, калі палітычныя зняволеныя застаюцца за кратамі, успрымаецца іх калегамі як здрада, а няўдзел разглядаецца як магчымасць паскорыць іх вызваленне.

Па-другое, удзел у кампаніях, навязаных уладамі, з’яўляецца сродкам легітымізацыі выбараў і Палаты Прадстаўнікоў; апазіцыя, такім чынам, сама спрыяе стварэнню бачнасці канкурэнтнага электаральнага працэсу і працуе на забеспячэнне яўкі выбаршчыкаў.

Па-трэцяе, ідучы на выбары ва ўмовах бесперапынных рэпрэсіяў, апазіцыя рызыкуе не толькі не набыць новых прыхільнікаў, але згубіць адданы цягам многіх гадоў “апазіцыйны электарат”.

І, па-чацвёртае, выбары ўсё роўна абернуцца для апазіцыі паразай: калі яна ўдзельнічае да канца, то малаверагодна, што хто-небудзь з кандыдатаў атрымае дэпутацкі мандат, а калі апазіцыйныя кандыдаты здымуцца за дзень да выбараў, то гэта будзе паднесена дзяржаўнай прапагандай як слабасць і боязь канкурэнцыі. Аб мерах контрпрапаганды мала хто задумваецца.

Прыхільнікі байкоту выбараў схіляюцца ў большай меры да маральнай аргументацыі, лічачы, што непрымальна ўдзельнічаць у выбарах ва ўмовах татальнай фальсіфікацыі, рэпрэсій і пры наяўнасці ў краіне палітычных зняволеных. Падкрэсліваецца, што кампанія байкоту закліканая не дапусціць легітымізацыі парламента, прадэманстраваць адмову апазіцыі гуляць па правілах уладаў, абвастрыць сітуацыю неабходнасці маральнага выбару паміж “сіламі дабра” і “сіламі зла”.

Разам з тым, ёсць і сур’ёзныя контраргументы супраць байкатавання выбараў. Самым галоўным з іх, на нашу думку, з’яўляецца самаўхіленне апазіцыі ад палітычнага працэсу. Калі 2011 год быў апазіцыяй прайграны, пра што сведчаць сацыялагічныя апытанні (рэйтынг прэзідэнта падаў, але пры гэтым рэйтынг апазіцыі не рос), то было б лагічна чакаць рэваншу дэмакратычных сіл і ўзмацнення яе працы з грамадствам. І хоць прыхільнікі няўдзелу ў выбарах кажуць аб неабходнасці актыўнага байкоту, які азначае ўзмоцненую камунікацыю з электаратам і тлумачэнне сваёй пазіцыі, хутчэй за ўсё, улічваючы папярэдні досвед падобнай кампаніі, байкот у рэальнасці звядзецца да марнавання часу і пасіўнага назірання.

Ідэя ж “актыўнага байкоту” можа быць добрай толькі як ідэалістычная канструкцыя, здольная вырашыць дылему калектыўнага дзеяння апазіцыі і служыць выдатным самаапраўданнем, але ні ў якой ступені, не здольная вырашыць якія-небудзь прагматычныя задачы. Іншымі словамі, апазіцыя становіцца ўсё далей ад выбаршчыка, які з цяжкасцю можа адказаць на пытанні “Апазіцыя – гэта пра што?” і “Як яна прапануе выходзіць з крызісу?”. Байкот, такім чынам, гэта сродак камунікацыі ўнутры апазіцыі, а не з грамадствам.

Другі контраргумент заключаецца ў тым, што байкот у нашых палітычных умовах маларэальны. Асноўнай мэтай байкоту з’яўляецца зрыў выбараў шляхам адмовы ад галасавання значнай групы насельніцтва. Для дасягнення гэтай мэты неабходны значны рэсурс, параўнальны з бюджэтам самой электаральнай кампаніі, а то і большы. Для таго, каб пераканаць 30–40% выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у выбарах, неабходна мець салідны ўзровень падтрымкі, якога ў апазіцыі няма. І зрабіць гэта неабходна ва ўмовах, калі беларускае грамадства не выяўляе вялікай цікавасці да працэсу парламенцкіх выбараў.

Больш за тое, апазіцыйныя партыі пакуль нават у сваім вузкім коле не дасягнулі згоды датычна адзінай кампаніі байкоту ці ўдзелу ў выбарах. Наяўнасць жа адзінства (не кажучы ўжо пра рэальны электаральны рэсурс) у падыходах з’яўляецца неабходнай умовай правядзення эфектыўнай агітацыі. Розныя пазіцыі ў розных палітычных сілаў толькі дэзарыентуюць выбаршчыка і непазбежна прывядуць да далейшых скандалаў унутры і так вельмі слабай апазіцыі.

Трэці аргумент супраць байкоту – няўдзел апазіцыянераў у выбарах можа аблегчыць жыццё ўладам, якім будзе неабавязкова звяртацца да фальсіфікацый. Гэта вырашае праблему правядзення паказальнай электаральнай кампаніі для Захаду. А спаборнасць працэсу цалкам могуць забяспечыць ліберал-дэмакраты Гайдукевіча і афіцыйныя камуністы.

Па-чацвёртае, асноўная мэта байкоту – гэта падрыў легітымнасці ўлады, пратэст супраць несправядлівасці выбараў ці, як у выпадку з Беларуссю, супраць іх адсутнасці. Але пасля леташняга крызісу давер да ўлады і так упаў да гістарычнага мінімуму. Даказваць насельніцтву, што рэальнасць адрозніваецца ад малюнкаў, якія трансліруюцца ўладай, ужо не трэба. Гэта ўсе і так выдатна разумеюць. Даказваць Захаду, што Лукашэнка не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам, таксама не трэба. Іншымі словамі, байкот у такіх умовах – неэфектыўнае выкарыстанне і так бедных рэсурсаў і прапушчаная магчымасць камунікацыі з выбаршчыкам.

Такім чынам, і байкот, і ўдзел партыйнай апазіцыі ў выбарах з’яўляюцца цугцвангам у шахматнай тэрміналогіі: любы ход пагаршае пазіцыі. Байкот узмацняе маргіналізацыю апазіцыі, удзел у выбарах легітымізуе выбары, яшчэ больш аслабляе апазіцыю і вядзе да чарговай паразы і поствыбарнай дэпрэсіі.

Дылема ўлады

У беларускіх уладаў таксама маецца свая дылема ў дачыненні да будучых выбараў. Але гэта не выбар паміж “пускаць ці не пускаць апазіцыю ў парламент”, як думаюць некаторыя назіральнікі, а выбар паміж магчымым, хоць і не неабходным на дадзены момант, рэверансам у бок Захаду (ліберальная кампанія, але з прадказальным вынікам) і захаваннем палітычных прымаразак для захавання кантролю над сітуацыяй.

Правядзенне ліберальнай кампаніі па прыкладзе 2008 года можа часткова садзейнічаць аднаўленню парушанага балансу ў знешняй палітыцы. Тым больш, што адносіны з Расіяй пасля сакавіцкіх прэзідэнцкіх выбараў маюць шанец зноў вярнуцца ў зону турбулентнасці. Гэта звязана не столькі з містыфікацыяй ролі Пуціна, які, на думку некаторых аналітыкаў, з нецярпеннем чакае сакавіка, каб, нарэшце, закасаўшы рукавы, узяцца за Беларусь, колькі з непазбежным ціскам з боку інтэграцыйных праектаў.

З іншага боку, празмернае “адпушчэнне гаек” у перыяд магчымага абвастрэння эканамічнай сітуацыі можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Тым больш, падчас выбараў. Як бы тое ні было, улада, верагодна, пакуль не прыняла канчатковага рашэння адносна стратэгіі парламенцкіх выбараў.

Не варта думаць, што ўсё ўжо вырашана загадзя, гегемонія ўлады патрабуе актыўнай карэкціроўкі інстытутаў, і пачатак зменаў можа прыйсці непрыкметна. Па сутнасці, улада і апазіцыя гуляюць у комплексную “дылему аб зняволеным”. Але ўлада спрабуе зрабіць так, каб апазіцыя гуляла паміж сабой у гульню: удзел = здрада, байкот = глупства. Менавіта для гэтага ўлада падае супярэчлівыя сігналы апазіцыі. Пакуль гэта ўдаецца: замест таго, каб распрацоўваць сумесныя стратэгіі ўздзеяння на насельніцтва, апазіцыйныя лідэры дыскутуюць па пытаннях, якія хвалююць, па сутнасці, выключна саму апазіцыю.

Ні выбараў, ні байкоту

На наш погляд, выхад з гэтай сітуацыі цугцвангу апазіцыі ляжыць у плоскасці перагляду задач уласнай дзейнасці і сыходу ад сцэнарыяў, навязаных уладай.

Па-першае, неабходна адысці ад дыскурсу выбараў. Як цалкам справядліва паказваюць і прыхільнікі, і праціўнікі байкоту, сітуацыі выбару няма. У любым выпадку парламент будзе прызначаны, і на правілы гульні апазіцыя паўплываць не можа. Таму апазіцыі трэба наогул адмовіцца ад тэрміна “выбары” у дачыненні да электаральнай кампаніі-2012, каб не ўводзіць у зман ні сябе, ні сваіх прыхільнікаў, ні насельніцтва. Акрамя таго, парламенцкія выбары не з’яўляюцца чымсьці, што здольнае зацікавіць і мабілізаваць беларусаў, куды больш перспектыўным, было б згуляць з уладай у гульню: “кампанія ў падтрымку рэферэндуму”, у які яна сама гуляла з насельніцтвам у 2004 годзе.

Па-другое, выкарыстоўваць легальную магчымасць зносін з насельніцтвам, якая прадастаўляецца ў межах выбарчай кампаніі, можна і трэба. Але такая камунікацыя павінна ажыццяўляцца не ў рэжыме агітацыі (за кандыдатаў або за байкот) у межах выбарчага дыскурсу (выбараў жа няма!), а ў межах агульнанацыянальнай інфармацыйнай кампаніі апазіцыі, ніяк не звязанай тэматычна і тэрміналагічна з парламенцкімі выбарамі. Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў пры гэтым можа выкарыстоўвацца для забеспячэння большай легальнасці і легітымнасці апазіцыйнай кампаніі.

Па-трэцяе, апазіцыя ў межах гэтай кампаніі павінна паставіць перад сабой выразныя і канкрэтныя мэты і задачы, выкананне якіх можна будзе вымераць пасля заканчэння кампаніі. Гэтыя мэты павінны быць рэалістычныя і публічныя, што прадухіляе іх “карэкцыю” заднім чыслом.

Па-чацвёртае, агульнанацыянальная кампанія апазіцыі павінна нарэшце адысці ад традыцыйнага набору абвінавачванняў у бок улады і засяродзіцца на данясенні да грамадства альтэрнатыўнага бачання развіцця краіны, якое павінна быць зразумелым для выбаршчыка і якое павінна падзяляцца ўсімі суб’ектамі апазіцыі, якія ўдзельнічаюць у кампаніі. Як паказваюць сацыялагічныя дадзеныя, больш за палову ўсіх выбаршчыкаў сёння не давяраюць ні ўладзе, ні апазіцыі, у беларускім грамадстве пустуе “палітычны цэнтр”.

Рэальнымі мэтамі апазіцыі павінны стаць а) пошук падтрымкі сярод гэтых 60% насельніцтва, б) захаванне і ўмацаванне партыйных структур. Дамагчыся гэтых мэтаў праз байкот немагчыма. Задачай дэмакратычных сіл у гэтай кампаніі можа быць прыцягненне на свой бок хаця б чвэрці з гэтых “нічыйных” 60%. Гэта ўжо будзе вялікім дасягненнем.

Аднак рэалізацыя такога сцэнару прадугледжвае і шэраг папярэдніх умоў, без якіх дасягненне станоўчага выніку кампаніяй малаверагодна.

1. Апазіцыйныя гульцы павінны аб’яднаць свае намаганні і выступіць перад насельніцтвам як адзіная сіла.

2. Апазіцыя павінна выступіць з адзінай палітычнай і эканамічнай платформай, у ідэале – з адзінай стратэгіяй развіцця краіны, якую павінны падзяляць усе ўдзельнікі кампаніі.

3. У правядзенні кампаніі апазіцыя павінна заручыцца падтрымкай грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.

BISS