Аналіз падрыхтаваны экспертамі Асамблеі Няўрадавых Дэмакратычных Арганізацый Беларусі ў рамках супольнага даследавання з Фондам развіцця прававых тэхналогій.
У 2007 годзе сітуацыя са свабодай асацыяцый у Беларусі не палепшылася, а прававое становішча няўрадавых арганізацый заставалася вельмі складаным. Прававы клімат для стварэння і дзейнасці незалежных аб'яднанняў грамадзян заставаўся неспрыяльным, а ў некаторых пытаннях заканадаўства і практыка дэманстравалі тэндэнцыю да яшчэ большага абмежавання свабоды асацыяцый.
Шмат якія з абмежаванняў свабоды асацыяцый і дзейнасці няўрадавых арганізацый не грунтуюцца на законах, а вызначаюцца дэкрэтамі прэзідэнта, падзаконнымі актамі ды інструкцыямі Міністэрства юстыцыі, а таксама праваўжывальнаю практыкаю. У 2007 годзе найбольш жорсткія рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні няўрадавых арганізацый і аб'яднанняў назіраліся ў сувязі з дзейнасцю незарэгістраваных арганізацый, за якую прадугледжваецца крымінальная адказнасць. У арсенал рэпрэсіўных захадаў уваходзяць: крымінальны пераслед актывістаў незарэгістраваных грамадскіх арганізацый і масавыя відавочна незаконныя арышты (часта прэвентыўнага характару). Па-ранейшаму фіксаваліся выпадкі неабгрунтаваных ператрусаў у памяшканнях няўрадавых арганізацый, а таксама ціск спец-служб на іх актывістаў.
У той жа час, нельга не адзначыць пэўных крокаў да ўвядзення прававога рэгулявання грамадскіх аб'яднанняў у межы законнасці. Гэтак, улады зліквідавалі Рэспубліканскую камісію рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадскіх аб'яднанняў, што прывяло працэс разгляду дакументаў аб рэгістрацыі ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства ў частцы тэрмінаў разгляду дакумэнтаў. У 2007 годзе стала менш неабгрунтаваных закрыццяў аўта-рытэтных няўрадавых арганізацый, што абумоўлівалася рэальным памяншэннем колькасці пазоў аб ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў. Прывядзенне статутаў грамадскіх аб'яднанняў у адпаведнасць з рэдакцыяй Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб'яднаннях» ад 2005 году, насуперак засцярогам, не спарадзіла значных цяжкасцей для грамадскіх аб'яднанняў і не зрабілася падставаю для масавай ліквідацыі арганізацый. Колькасць зноў зарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў у 2007 годзе заставалася невялікаю, назіраліся шматлікія выпадкі палітычна матываваных адмоў у рэгістрацыі новых аб'яднанняў, аднак пры гэтым у Беларусі ўсё жа застаецца магчымасць для стварэння няўрадавых арганізацый.
Чытаць тэкст цалкам: Freedom of association.pdf