Сур’ёзнае падзенне падтрымкі еўрапейскага выбару

BISS – аналіз апытанняў грамадскай думкі ў сакавіку 2012

Паводле вынікаў сацыялагічнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), хоць Аляксандр Лукашэнка часткова здолеў вярнуць сабе страчаны электаральны рэйтынг, ва ўладаў мала падставаў для аптымізму: 77% рэспандэнтаў мяркуюць, што краіна па-ранейшаму знаходзіцца ў крызісе, і 52% апытаных выказалі думку, што Беларусь рухаецца “ў няслушным кірунку”. Вялікая частка грамадства суадносіць сябе з цэнтрам палітычнага спектру і не мае палітычнага прадстаўніцтва.

Істотныя зрухі не закранулі колькасць тых, хто заяўляе, што знаходзіцца “ў апазіцыі да ўлады”: у сакавіку 2012 г. іх было 23,4% – на 4% менш за максімальны паказнік у верасні 2011 г. Аднак за апошнія паўгоду колькасць тых, хто не адносіць сябе да “апазіцыі да ўлады”, павялічылася на 10% і склала ў сакавіку  2012 г. 66%.

Важна адзначыць, што калі 2/3 апытаных заяўляюць пра падтрымку ўлады, гэта не азначае, што яны прыхільнікі Лукашэнкі. Наадварот, на думку BISS,  малаверагодна, каб Лукашэнка вярнуў сабе прыхільнасць большасці беларускіх грамадзянаў. Вынікі праведзенага ў сакавіку 2012 г. апытання пацвярджаюць мінулагоднюю выснову BISS пра тое, да якой ступені Лукашэнка здольны спыніць рэзкае падзенне свайго рэйтынгу (на 33% за папярэдні год), калі Расія вернецца да субсідавання беларускай эканомікі.  Найноўшыя вынікі апытання дазваляюць BISS зрабіць выснову, што Аляксандр Лукашэнка неўзабаве дасягне піку магчымай грамадскай падтрымкі і, напэўна, на некаторы час засяродзіцца на тым, каб гарантаваць сабе прыхільнасць 1/3 насельніцтва. У некалькіх лічбах праведзенага ў сакавіку 2012 г. апытання заўважаецца характэрнае падабенства: электаральны рэйтынг Лукашэнкі склаў 34,5% (на 14% больш у параўнанні з вераснем 2011 г.); 34,7% апытаных вераць ягонаму абяцанню за год-паўтара вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень, і 35,3% рэспандэнтаў мяркуюць, што Беларусь рухаецца “ў слушным кірунку” (на 17% больш у параўнанні з вераснем 2011 г.).

Звесткі сакавіцкага 2012 г. апытання выразна засведчылі – і гэта самае галоўнае – завяршэнне працяглага перыяду раўнавагі ў геапалітычных прыхільнасцях беларускіх грамадзянаў ці нават перавагі прыхільнікаў еўрапейскага выбару. Паводле вынікаў апошняга апытання НІСЭПД, у адказ на пытанне пра іх геапалітычны выбар 47% грамадзянаў Беларусі выказаліся за Расію і 37% – за Еўразвяз. Гэта сведчыць пра новы вельмі значны разрыў (для параўнання: пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. 38% рэспандэнтаў схіляліся да выбару на карысць Расіі і 38% – на карысць Еўразвязу) і істотнае падзенне падтрымкі еўрапейскага выбару ў параўнанні з найвышэйшым паказнікам, адзначаным год таму, калі на карысць Расіі выказаліся 31,5% рэспандэнтаў, а на карысць Еўразвязу – 50,5%.

ПАДРАБЯЗНЫ АНАЛІЗ


Хоць у сакавіку 2012 г. 77% апытаных адказалі, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе (усяго на 4% менш у параўнанні са снежнем 2011 г. і на 10% менш у параўнанні з максімальным паказнікам, зафіксаваным у верасні 2011 г.), аднак пра тое, што велізарная хваля песімізму прайшла свой пік улетку 2011 г., сведчыць той факт, што за апошнія тры месяцы істотна зменшылася колькасць тых, хто адчувае, што іх фінансавае становішча пагоршылася. У сакавіку 2012 г. такіх рэспандэнтаў было “ўсяго” 40% – на 20% менш у параўнанні са снежнем 2011 г.; 43% апытаных – на 12% больш – адзначылі, што іх фінансавае становішча не змянілася, і 15% – на 8% больш – адказалі, што іх фінансавае становішча палепшылася.

Таксама павялічыліся аптымістычныя чаканні на гэты год: 57% рэспандэнтаў мяркуюць, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца або не зменіцца (гэта на 15% больш у параўнанні са снежнем 2011 г.), і  32.7% думаюць, што сітуацыя пагоршыцца (на 12% менш, чым у снежні 2011 г.). Такім чынам, адказаў “сітуацыя палепшыцца” або “не зменіцца” зафіксавана ўсё ж на 14% менш у параўнанні з верхняй планкай, дасягнутай адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г., але на 19% больш, чым у траўні 2011 г. Між тым колькасць тых, хто мяркуе, што цягам бліжэйшых гадоў сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагоршыцца, у сакавіку 2012 г. скарацілася да 32,7%  у параўнанні з 52,7%  у верасні 2011 г. (але гэтая лічба застаецца амаль удвая вышэйшай, чым пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г.).

Аляксандр Лукашэнка здолеў падвысіць свой электаральны рэйтынг да 34,5%, г. зн. на 10% у параўнанні са снежнем 2011 г. і на 14% у параўнанні з мінімальным паказнікам у верасні 2011 г. Паводле вынікаў апытання, Лукашэнка здолеў у нейкай ступені змяніць меркаванне электарату, што ён асабіста адказны за крызіс: колькасць такіх рэспандэнтаў знізілася на 12% – з 61% у верасні 2011 г. да 48,6% у сакавіку 2012 г. Больш за тое, прыкладна столькі ж рэспандэнтаў, колькі сказалі, што будуць зноў галасаваць за Лукашэнку, заявілі, што звязваюць надзеі на выхад Беларусі з крызісу з прэзідэнтам – 35,9% у адкрытым пытанні.

Разам з тым, варта адзачыць, што ўсе гэтыя зрухі істотна не паўплывалі на суадносіны тых, хто мяркуе, што жыццё ў Беларусі “палепшыцца”, “пагоршыцца” або “не зменіцца”, калі Лукашэнка сыдзе. Колькасць тых, хто думае, што “жыццё палепшыцца”, скарацілася да 26% – на 9% у параўнанні з вераснем 2011 г., а тых, хто мяркуе, што “жыццё не зменіцца”, узрасла да 36, 5% – на 10% у параўнанні з вераснем 2011 г. Аднак іх сукупны лік – 62% – застаўся нязменным ад верасня 2011 г. да сакавіка 2012 г.  Яшчэ меншыя змены адбыліся ў групе, якая мяркуе, што, калі Лукашэнка сыдзе, “жыццё пагоршыцца”: доля такіх рэспандэнтаў склала  26,7 %, г. зн. на 8% менш, чым электаральны рэйтынг Лукашэнкі, і ўсяго на 3% больш у параўнанні з вераснем 2011 г. калі ягоны рэйтынг упаў да 20%.

Хоць большасць апытаных – 52% – мяркуюць, што Беларусь рухаецца “ў няслушным кірунку”, 62% думаюць, што жыццё палепшыцца або не зменіцца, калі Лукашэнка сыдзе, і 57% не вераць ягонаму абяцанню вярнуць заробкі на дакрызісны ўзровень, але яны не бачаць альтэрнатывы Лукашэнку.

23% рэспандэнтаў заявілі, што знаходзяцца “ў апазіцыі да ўлады”.  Разам з тым, усяго 4% тых, хто мяркуе, што Беларусь рухаецца “ў няслушным кірунку”, сказалі, што вывесці краіну на правільны шлях павінны прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Яшчэ 26% аддаюць перавагу “прагрэсіўным прадстаўнікам грамадства, не звязаным ні з уладнымі структурамі, ні з апазіцыяй”.

Вынікі апытання датычна будучых парламенцкіх выбараў пацвярджаюць, што на палітычнай мапе застаецца вялікая незанятая прастора для альтэрнатывы “ў цэнтры” палітычнага спектру, а таксама што для традыцыйнай апазіцыі паўсталі сур’ёзныя праблемы.

30% рэспандэнтаў адказалі, што яны будуць галасаваць за прыхільніка Лукашэнкі, 23% – за праціўніка Лукашэнкі і 29% – за “іншага кандыдата”. Разам  з тым, вынікі апытання сведчаць, што вельмі вялікая частка апытаных гатовая ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах: усяго 18% рэспандэнтаў адказалі, што не будуць у іх удзельнічаць. Нягледзячы на ўсе важкія палітычныя, маральныя і практычныя аргументы на карысць байкоту, вынікі апытання сведчаць, што гэтая стратэгія мае нізкую падтрымку ў грамадстве (10%, між тым як 41,6% нават не ведаюць пра байкот). Пры гэтым 23% апытаных гатовыя галасаваць за праціўніка Лукашэнкі – столькі ж, колькі заяўляюць, што знаходзяцца “ў апазіцыі да ўлады”. Гэтыя звесткі дазваляюць зрабіць выснову, што колькасць прыхільнікаў байкоту, верагодна, не наблізіцца да колькасці тых, хто адносіць сябе да “апазіцыі да ўлады”, і, бясспрэчна, не “паўплывае” на астатніх, якія фактычна складаюць большасць грамадства і ў якіх увайшло ў звычку чакаць, хто зробіцца іх палітычным прадстаўніком.

BISS