Віталь Сіліцкі
Пытанні геапалітычнага выбару, стасункаў з суседзямі, забеспячэння эканамічнай стабільнасці краіны непазбежна выплываюць на першы план падчас палітычных кампаній. Яны робяцца яшчэ больш актуальнымі, калі знешнія гульцы пачынаюць наўпрост ўплываць на палітычныя працэсы ў Беларусі. Са змяненнем знешнепалітычных каардынатаў некаторыя альтэрнатыўныя палітычныя гульцы наладзілі сапраўдныя спаборніцтвы за ўвагу з боку крамлёўскіх чыноўнікаў і дзяржаўных СМІ.
У першай палове 2010 года BISS у супрацоўніцтве з лабараторыяй НовАК задаў рэспандэнтам два падобныя сэты пытанняў, што датычыліся знешнепалітычных саступак або інтэграцыйных крокаў, на якія маглі б пайсці беларусы для паляпшэння эканамічнага становішча краіны. Варыянты інтэграцыі прапаноўваліся як у заходнім, так і ва ўсходнім кірунку.
Вынікі даследаванняў паказалі, што ў беларусаў не існуе цвёрдай прадузятасці супраць аб'яднання з Расіяй, аднак гэтыя арыентацыі ляжаць у рэчышчы палітыкі «нафта ў абмен на пацалункі», якая да апошняга часу паспяхова праводзілася беларускімі ўладамі. Як аказалася, беларусы не гатовыя напоўніць гэты саюз рэальным зместам і не жадаюць ні допуску расійскага бізнэсу ў Беларусь, ні ўвядзення ў Беларусі расійскага рубля, ні размяшчэння расійскіх войскаў у Беларусі. Дакладней, беларусы падзяляюцца па кожным з гэтых пытанняў на дзве вялікія часткі: тыя, хто не гатовыя ні да якога варыянту эканамічнага і ваеннага дамінавання Расіі ў Беларусі, і тыя, хто лічаць, што за гэта дамінаванне Расія павінна вельмі добра заплаціць. Заўважым, амаль тое ж самае можна сказаць і пра адносіны беларусаў да эканамічнага пранікнення Еўразвяза – адрозненні ў лічбах мінімальныя. Беларускае грамадства пакуль асцерагаецца эканамічнай адкрытасці і баіцца нашэсця чужынцаў.
Дадатковае пацвярджэнне атрымаў тэзіс аб тым, што прагматычныя меркаванні ў геапалітычным выбары беларусаў пераважаюць над каштоўнаснымі матывамі як сярод прарасійскіх, так і сярод праеўрапейскіх рэспандэнтаў. Аднак прыхільнікі розных геапалітычных вектараў сыходзяцца ў нежаданні ўступаць у НАТО і пускаць у Беларусь расійскія ваенныя базы.
Эканамічная інтэграцыя з больш магутнымі суседзямі і ўладкаванне беларускіх прадпрыемстваў у ланцужкі транснацыянальных карпарацый у першую чаргу закранаюць інтарэсы простых людзей, іх узровень жыцця, працу, заробак. Прапаноўваючы такія меры, неабходна прывесці доказы таго, што гэтыя інтарэсы не будуць прынесеныя ў ахвяру ў імя высокіх мэтаў. У любым выпадку, перш чым імкнуцца дамовіцца з знешнімі гульцамі, варта пераканаць саміх беларусаў, што падобныя прапановы знешнім гульцам пойдуць беларусам на карысць.
Чытаць тэкст цалкам тут