Прыватызацыя ў Рэспубліцы Беларусь: маніторынг асноўных зменаў (студзень-снежань 2009)

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў падрыхтаваў маніторынг заканадаўчай базы і асноўных зменаў, што мелі месца ў галіне прыватызацыі ў 2009 годзе.

У 2009 годзе ўлады пацвердзілі сваё нежаданне развітвацца з дзяржаўнай уласнасцю і магчымасцю кантраляваць асноўныя фінансавыя і рэсурсныя плыні і па-ранейшаму разглядалі прыватызацыю выключна з фіскальнага пункту гледжання, запрошваючы ў інвестараў за беларускія актывы высокія, дакрызісныя цэны або асаблівыя ўмовы. Продаж найбольш прывабных актываў у краіне мае непразрысты кропкавы характар, рэгулюецца ўказамі прэзідэнта, нягледзячы на прымаемыя абавязацельствы зрабіць яго больш празрыстым і конкурсным.

У 2009 г. паступленні ад прыватызацыі рэспубліканскай уласнасці знізіліся ў параўнанні з 2007 і 2008 гг. і склалі USD 1,006 млрд. За ўвесь год была зарэгістравана толькі адна новая здзелка – продаж БПС банка расійскаму Ашчадбанку за USD 280 млн., якая праявіла новую тэндэнцыю – зніжэнне цэн за прадаваемыя актывы. На працягу года не практыкаваліся продажы мінарытарных пакетаў акцыяў, што сведчыць пра неэфектыўнасць намаганняў ураду па развіццю фондавага рынку і паляпшэнню інвестыцыйнага клімату. У 2009 г. крыху актывізаваўся продаж акцыяў прадпрыемстваў камунальнай уласнасці. У 2009 г. дзяржава захавала асноўныя актывы, але магчымасці працягу гэтай палітыкі абмежаваныя – як у сілу абавязацельстваў перад МВФ, гэтак і ціску Расіі.

2010 года павінен унесці карэктыроўкі ў прыватызацыйны працэс. У першую чаргу гэта тычыцца павелічэння аб’ёмаў продажу. Рост патрэбы ў знешнім фінансаванні для скарачэння дэфіцыту гандлёвага балансу (на фоне абвешчанага ўладамі нежадання павялічваць дзярждоўг і змены ўмоваў паставак расійскай нафты), можа інтэнсіфікаваць працэсы продажу стратэгічных прадпрыемстваў замежным інвестарам. Калі аптымістычныя чаканні ўраду адносна паляпшэння знешнегандлёвай кан’юнктуры на буйнейшых экспартных рынках краіны не пацвердзяцца, замежным інвестарам будуць прапаноўваць вялікія пакеты акцыяў большай колькасці ААТ на больш выгодных умовах. Асноўныя здзелкі, верагодна, будуць заключаны ў другой палове года, паколькі да ліпеня ўлады будуць змагацца за перагляд нафтавых пагадненняў.

Прыватызацыя ў Рэспубліцы Беларусь: маніторынг асноўных зменаў (студзень-снежань 2009) у фармаце  pdf

Беларускі інстытут стартэгічных даследаванняў