Даследаванні і маніторынг
Прыватызацыя з’яўляецца адной з асноўных эканамічных рэформаў пераходнага перыяду, накіраванай як на падвышэнне эфектыўнасці рэальнага сектару эканомікі, так і на стварэнне прынцыпова новай схемы рэфармавання эканомікі. Да 1996 г., прыватызацыя ў Беларусі рэалізавалася па тых жа самых схемах і з той жа дынамікай, што і шмат у якіх краінах ЦУЕ і СНД. Аднак, да 1998 г. краіна абрала спецыфічную мадэль развіцця, у якой прыярытэт аддадзены дзяржаўнай эканоміцы і падвышэнню эфектыўнасці дзяржаўнага сектару. У беларускай мадэлі прыватнаму сектару адведзена месца толькі ў нішавых і сегментаваных рынках, дзе яны не канкуруюць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Актуальнасць і патрэба ў прыватызацыі стала мінімальнай да 2005 г. Аднак, змяненне варункаў гандлю з Расіяй падкрэсліла хібы дзеючай мадэлі і “высветліла” сістэмныя рызыкі і выклікі. У выніку, у 2007 г. было рэалізавана некалькі значымых прыватызацыйных транзакцый. У той жа час, паколькі зараз дасягнута палітычная дамоўленасць пра дастаткова мягкі і паступовы пераход на сусветныя кошты на энерганосьбіты, неабходнасць “скідвання” значнай часткі дзяржпрадпрыемстваў з балансу дзяржавы (дзяржбюджэту) або патрэба ў значных рэсурсах на датаванне рэальнага сектару і насельніцтва адсутнічае. У выніку, у краіне рэалізуецца мадэль грашовай, кропкавай, непразрыстай прыватызацыі, калі асноўны прыватызацыйны орган – Дзяржаўны камітэт па маёмасці – не ўплывае ні на механізмы прыняцця рашэнняў, ні на яе спосабы, ні на бенефіцыяраў ці ўдзельнікаў.