Вольга Стужынская
28 студзеня, 2008
Актыўнае абмеркаванне беларускага пытання прыпынілася ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) ў 2004 г., пасля агучвання добра вядомага даклада Хрыстаса Пургурыдэса [1]і прыняцця следам за гэтым рэзалюцыі па зніклых асобах [2], гэтак сама як і рэзалюцыі па пераследаванні друку ў Беларусі [3]. На працягу 2004-2005 гг. ПАРЕ працягвала рабіць заявы, якія асуджалі складаную сітуацыю з правамі чалавека, палітычнымі свабодамі і незалежнымі медыямі ў краіне і заклікала беларускія ўлады палепшыць сітуацыю праз вызваленне палітычных вязняў, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, стварэнне належных ўмоў для існавання незалежных СМІ і дазвол на свабоду асацыяцый.
Даклад Хрыстаса Пургурыдэса пра знікненне вядомых грамадскіх дзеячаў у Беларусі і мяркуемую ўцягнутасць у гэта злачынства прадстаўнікоў улады, яго перакананая пазіцыя ў неабходнасці адмовы ад ўсялякіх стасункаў з афіцыйным Мінскам да правядзення поўнага расследавання выпадкаў знікнення людзей і паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, прывялі да ўсталявання так званай лініі Пургурыдэса ў ПАРЕ.
Старшыня Асамблеі Рэнэ ван дер Ліндэн быў першым, хто прапанаваў больш інтэнсіўнае супрацоўніцтва з беларускім кіраўніцтвам. Ён агучыў сваю прапанову ў лютым 2006 г. на канферэнцыі ў Празе: “Мы павінны скончыць ізаляцыю беларускага народа. Мы мусім умацоўваць непасрэдныя кантакты з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю краіны. Мы павінны ўзмацніць сваю прысутнасць у Беларусі. Асамблея прапаноўвае стварыць Інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы ў Мінску” [4]. Праз некалькі месяцаў спадар Ван дэр Ліндэн павітаў некаторыя змены ў падыходзе ЕЗ да Беларусі, якія мелі на ўвазе большую адкрытасць да дыялогу з урадам: “Я перакананы, што адзіны шлях палепшыць сітуацыю – шлях перамоў” – сказаў ён [5]. Прыблізна ў гэты самы час пачалася падрыхтоўка да афіцыйнага візіту Ван дэр Ліндэна ў Мінск, які, падаецца, каардынаваўся не толькі з беларускім чынавенствам, але і з Крамлём [6]. У часе трохдзённага візіту ў студзені 2007 г. старшыня ПАРЕ заклікаў узнавіць супрацоўніцтва з Беларуссю. На яго думку, пасля расійска-беларускага газавага крызісу сітуацыя істотна змянілася, і ў беларускага боку з’явілася значна большае жаданне рухацца насустрач еўрапейскім структурам. Ён зазначыў, што яго станоўчая рэакцыя на запрашэнне беларускага парламенту і сам візіт у Беларусь прадэманстравалі гатоўнасць Рады Еўропы да дыялогу. Аднак гэты дыялог мусіць праходзіць у адпаведнасці з прынцыпамі і каштоўнасцямі ўзгаданай арганізацыі.
Заявы сп. Ван дэр Ліндэна ў Мінску (хоць і скажона пададзеныя беларускім дзяржаўным тэлебачаннем) былі яснымі. На момант яго візіту ўжо была ў большай ці меншай ступені дасягнутая агульная дамоўленасць паміж рознымі інстытутамі міжнароднай супольнасці аб тым, што неабходна наладзіць пэўны дыялог з прадстаўнікамі афіцыйнай улады, але абавязкова на умовах, сярод якіх вызваленне палітычных вязняў, павага да міжнародных выбарчых стандартаў, палітычны плюралізм і наяўнасць клімату для развіцця моцнай грамадзянскай супольнасці.
Што звяртае на сябе ўвагу ў пазіцыі Ван дэр Ліндэна, дык гэта яго разуменне ролі Расіі ў прасоўванні еўрапейскіх каштоўнасцей на Беларусі. Пазітыўны ўплыў “сяброўскага” Крамля быў прапанаваны старшынём ПАРЕ ў інтэрв’ю радыё "Эхо Москвы" ў траўні 2006 [7]. У размове з журналістамі ён настойліва падкрэсліваў важную ролю Расіі ў вяртанні Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця. Выкарыстоўваючы свае асаблівыя адносіны з Беларуссю, Масква, на думку палітыка, магла б выступіць пасярэднікам і пераканаць Лукашэнку змяніць сваё стаўленне да каштоўнасцей еўрапейскай сям’і.
Паўстае справядлівае пытанне, якім чынам Крэмль, што імкліва спаўзае да таталітарнага стылю кіравання з паслядоўным пагаршэннем сваіх стасункаў з Захадам, зможа дапамагчы Мінску лепш зразумець прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека? Тым не менш старшыня ПАРЕ выказаў спадзяванне, што ў часе старшынства Расіі ў Радзе Еўропы (19 траўня – 15 лістапада 2006) у Беларусі з’явіцца больш магчымасцей для ўдзелу ў працы арганізацыі, якая налічвае 47 краін-сяброў [8].
Прызначаны палітычным камітэтам ў лютым 2007 г. новы дакладчык па Беларусі Андрэа Рыгані (Італія, ALDE) наведаў Беларусь ў кастрычніку 2007 г. з азнаямляльным візітам дзеля напісання дакладу па сітуацыі ў краіне. Пазней ён таксама зрабіў заяву пра тое, што палітычны “дыялог з Беларуссю павінны быць узноўлены” [9]. “Радзе Еўропы неабходна сур’ёзна падумаць пра тое, што яна можа зрабіць, каб папулярызаваць дэмакратычныя каштоўнасці ў гэтай дзяржаве. Я супраць спынення ўсіх кантактаў з беларускімі ўладамі. Як мы бачым, гэта ніякім чынам не ўплывае на сітуацыю і ўскладняе нам магчымасць размовы з беларускім народам” [10] , – адзначыў дакладчык па Беларусі. Яго погляды і моцнае перакананасць у неабходнасці дыялогу, нягледзячы на пастаянную складаную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, сталі вядомымі ў ПАРЕ як лінія Рыгані.
Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы стаіць перад тым жа выбарам у дачыненні Беларусі – супрацоўніцтва альбо адсутнасці супрацоўніцтва з уладамі – як і іншыя арганізацыі. З аднаго боку – і такі погляд выказваюць многія прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі – дыялог неабходны, як унутраны: паміж уладамі, апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, так і знешні: паміж урадам і міжнароднай супольнасцю. З іншага боку, пастаянны пераслед актывістаў апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасці, допыты ў КДБ, масавыя арышты ў часе і пасля мірных акцый пратэсту, як гэта адбылося падчас мітынгу прадпрымальнікаў у студзені, ставяць пад сумнеў жаданне беларускага боку стаць бліжэй да Еўропы.
Што вылучае ПАРЕ сярод іншых еўрапейскіх структур у дылеме дыялогу, дык гэта амаль завершаная, але паспяхова стрыманая падчас апошняй сесіі ў Страсбуры кампанія Крамля па прасоўванні свайго кандыдата на пасаду кіраўніка арганізацыі, што ў перспектыве магло б прывесці да ўсталяванне яшчэ адной лініі – лініі Маргелава ў дачыненні да Беларусі.
Спадар Маргелаў, прызначаны Адзінай Расіяй і Крамлём [11] , у выпадку абрання старшынём Асамблеі і ў пошуках прыхільнікаў прынцыпу расейскай “кіраванай дэмакратыі” ў Страсбуры, хутчэй за ўсё прапанаваў бы пашыраныя магчымасці для прадстаўнікоў беларускіх улад. Дыялог з выкананнем неабходных умоў і пакрокавы падыход мелі шанец ператварыцца ў адзін крок без умоваў. У такім разе афіцыйны Мінск мог бы наблізіцца да еўрапейскіх структур з меншымі намаганнямі і без асаблівых паляпшэнняў у розных сферах, што сёння ад яго патрабуюцца.
Аднак, абранне іспанскага парламентарыя Луіса Марыі дэ Пуч замест Міхаіла Маргелава на змену Ван дэр Ліндэну, нягледзячы на вельмі настойлівыя спробы апошняга пралабіраваць расійскага палітыка, дае надзею на крышталізацыю адзінай еўрапейскай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі.
Такім чынам, лініі Маргелава ў бліжэйшым часе не будзе. Адной складанасцю менш і ў без гэтага складаным пытанні ўзаемін паміж Беларуссю і астатняй Еўропай.
Погляды абодвух дакладчыкаў, Хрыстаса Пургурыдэса і Андрэа Рыгані заслугоўваюць увагі. Тупіковая сітуацыя з рэпрэзентацыяй Беларусі на міжнароднай арэне павінна знайсці вырашэнне. Дыялог з афіцыйнымі ўладамі і больш інтэнсіўнае супрацоўніцтва патрэбны, аднак лёс зніклых грамадскіх дзеячаў дагэтуль не вядомы, а штодзённы пераслед актывістаў, асабліва моладзевых, працягваецца. Дыялог дзеля дыялогу не можа паправіць сітуацыю і не варты намаганняў без дакладнага плану і без выканання рэальных , а не тэхнічных умоў, адной з якіх, да прыкладу, з’яўляецца прыпыненне дзеяння ў Беларусі смяротнага пакарання. Вызваленне ўсіх палітычных вязняў павінна разглядацца як самы мінімум для пачатку якіх то ні было б сур’ёзных перамоў з цяперашнім беларускім кіраўніцтвам.
Заўчаснае вызваленне трох палітзняволеных у гэтым месяцы сталася добрым знакам з боку афіцыйных улад і хочацца спадзявацца, што гэта станецца пачаткам для далейшай лібералізацыі агульнапалітычнай сітуацыі. Аднак найбольш верагодным сцэнаром на бліжэйшую будучыню падаецца сумесь розных крокаў: ад хістання ў бок большай свабоды, да чарговых “вытанчаных” і яшчэ больш брутальных рэпрэсіўных дзеянняў.
Дэманстрацыі прадпрымальнікаў і мірнае святкаванне Дня волі 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, закончацца так, як звычайна. Амаль не існуе верагоднасці таго, што прызначаныя на канец верасня парламенцкія выбары пройдуць ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы, якая з’яўляецца міжпарламенцкай арганізацыяй, тым не менш павінна ўважліва сачыць за развіццём гэтых падзей.
Міжнародная супольнасць павінна быць падрыхтавана да такіх крокаў Мінску і, адпаведна, праводзіць добра скаардынаваную палітычную лінію і ажыццяўляць пакрокавы дыялог, заснаваны на выкананні беларускімі ўладамі абавязковых умоў. Каардынацыя высілкаў паміж Еўразвязам і Радай Еўропы, а таксама іншымі еўрапейскімі інстытуцыямі абсалютна неабходна дзеля таго, каб пазбегнуць расколу ў палітыцы дачынна Беларусі, такога пажаданага як афіцыйным Мінскам, так і яго паплечнікамі ў Крамлі.
1 http://assembly.coe.int/ASP/NewsManager/EMB_NewsManagerView.asp?ID=50
2 http://assembly.coe.int/Main.asp?link=/Documents/AdoptedText/TA04/ERES1371.htm
3 http://assembly.coe.int/main.asp?Link=/documents/adoptedtext/ta04/eres1372.htm
4 http://assembly.coe.int/ASP/Press/StopPressView.asp?ID=1737
5 http://assembly.coe.int/ASP/NewsManager/EMB_NewsManagerView.asp?ID=2186
6 RFRL, January 17, 2007
7 http://naviny.by/rubrics/politic/2006/05/28/ic_news_112_230647/
8 Ibid.
9 http://assembly.coe.int/ASP/NewsManager/EMB_NewsManagerView.asp?ID=3497
10 Ibid.
11 Vladimir Socor, Two setbacks of the Kremlin at the Council of Europe, January 23, 2008