Аўтар: Янаў Палескі, Валерыя Касцюгова
Да пытання аб прагрэсе, які нам усім хацелася бачыць - экспертам, назіральнікам, звычайным грамадзянам і ўладам, якія гэты прагрэс ахвотна за сабой фіксавалі.
Да пытання аб лібералізацыі палітычнага асяроддзя наогул і прагрэсу ў электаральных кампаніях у прыватнасці, на які разлічвалі і які нават нібыта сталі адзначаць. Да пытання аб прагрэсе, які нам усім хацелася бачыць - экспертам, назіральнікам, звычайным грамадзянам і ўладам, якія гэты прагрэс ахвотна за сабой фіксавалі. Так, у 2010 годзе далі больш эфірнага часу альтэрнатыўным кандыдатам. Так, трошкі павялічылі колькасць гарадскіх пляцовак для агітацыі. Так, там-сям дапусцілі назіральнікаў - хоць, вядома, не да святая святых «дэмакратычнага працэсу» - падліку галасоў.
Але маем і зваротны бок статыстыкі. Давайце паглядзім, колькі людзей села непасрэдна пасля выбараў.
Гэта добра бачна на ўзроўні кандыдатаў у прэзідэнты. Вынік 2001 года: з апанентаў Лукашэнкі за кратамі не апынуўся ніхто. Ганчарыку, Домашу і Гайдукевічу усё сыйшло з рук. Асобна можна згадаць выпадак Міхаіла Марыніча, які распачаў спробу вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, зарэгістраваны ня быў, затое быў кінуты ў турму пасля выбараў. 2006 год усім запомніўся разгонам намётавага мястэчка; адзін з трох апанентаў Лукашэнкі, Аляксандр Казулін жорстка паплаціўся за свой удзел у выбарах. Нарэшце, які выдатны прырост у 2010 годзе: у дзень выбараў былі арыштаваныя сем з дзевяці апанентаў Лукашэнкі, пяцёра з іх застаюцца за кратамі па гэты дзень. Прагрэс, што называецца, на відавоку. Ізноў жа: вясной 2006 г. было затрымана больш за 500 чалавек, у снежні 2010 г. - 639, па словах Лукашэнкі. Ізноў прыкметны прагрэс. Калі б даходы насельніцтва Беларусі раслі такімі ж тэмпамі, краіна хутка стала б эканамічным лідэрам рэгіёну.
Яшчэ адна невялікая навацыя цяперашняй кампаніі - узяцце ў закладнікі сваякоў палітычных актывістаў.
Менавіта гэтымі прычынамі тлумачацца бездапаможныя публічныя заявы Яраслава Раманчука, Андрэя Дзмітрыева і Рыгора Кастусёва, у якіх яны раскайваюцца, дзякуюць за штосці міліцыю і інш.
Можна пагаварыць пра іншыя аспекты электаральнай палітыкі. Напрыклад, пра тое, што пераважная большасць альтэрнатыўных удзельнікаў працэсу - гэта людзі, так бы мовіць, аднаразовага выкарыстання.
15,39% галасоў на выбарах 2001 г. набраў Ганчарык, аднак сёння ён палітычны пенсіянер. Ён не патрапіў ва ўрад, ён быў вымушаны пакінуць пасаду старшыні прафсаюзаў, ён не ўзначаліў фракцыю ў парламенце - гэтак жа, як пасля і Мілінкевіч (6%). Ці трэба згадваць пра Казуліна (2,3%), асабістыя страты якога з прычыны ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі велізарныя? Нарэшце, якая будучыня чакае цяперашніх альтэрнатыўных фаварытаў прэзідэнцкай гонкі?
Нават па афіцыйных дадзеных кожны раз не за Лукашэнку галасуе каля 20% выбаршчыкаў. Ва ўсе прэзідэнцкія кадэнцыі гэтыя людзі не атрымалі ніякага прадстаўніцтва ў органах дзяржаўнага кіравання, судах, парламенце і СМІ. Гэта значыць, гэтыя людзі проста ня ўлічваюцца. У гэтым дачыненні ніякага прагрэсу няма і не было. Яшчэ на зары свайго кіравання Лукашэнка трошкі змяніў заканадаўства, і з тых часоў пераможца атрымлівае ўсё - 100% эфіру, 100% у парламенце і ва ўрадзе, 100%-ую лаяльнасць судоў.
У святле пералічаных фактаў казаць пра нейкую спаборнасць, пра нейкія выбарчыя стратэгіі і г.д. - значыць выяўляць недарэчную зачараванасць. А казаць пра прагрэс - проста крывадушнічаць. Такімі ж зачараванасцю і крывадушнасцю ўяўляюцца надзеі (усё роўна, хто іх выказвае) на якісці дэмакратычны прагрэс у далейшым. Палітыка ў Беларусі - неапраўдана высокарызыкоўнае прадпрыемства. Што зусім не азначае, што палітыкай ня варта займацца зусім - хоць бы і метадам выхаду на вуліцу. Бо невядома, да якіх злачынстваў скаціўся б рэжым Лукашэнкі, калі б ня гэты мінімальны вулічны супраціў. У гэтым сэнсе нейкі прагрэс сапраўды маецца: у 2010 г. на вуліцах людзей аказалася больш, чым у 2006 г.
Калі паглядзець на праблему з іншага боку, то, як ужо паспеў панаракаць «пераможца», няма прагрэсу і ў вонкавым прызнанні. Бясконцы шэраг перамог чамусці не дадае легітымнасці Аляксандру Лукашэнку, менавіта па гэтай прычыне з усіх уяўных і рэальных магчымасцяў ён заўсёды выбірае спецназ, а спецназ - яго (як дакладна адзначыў А. Старыкевіч). Што тычыцца ЗША і Еўропы, то іх традыцыйна ванітуе як ад самой электаральнай лічбы, так і ад метадаў яе атрымання, так што з прызнаннем Лукашэнкі ў якасці партнёра для дыялогу тут, хутчэй, варта чакаць пэўнага адкату назад, да стану 2008 г. Аднак ня ўсё адназначна і з прызнаннем з боку Расеі.
Нягледзячы на тое, што шэраг беларускіх СМІ паспяшаліся адзначыць, што Мядзведзеў павіншаваў Лукашэнку, віншаванняў у рэчаіснасці пакуль не было. Мядзведзеў толькі выказаў надзеі, што выбары, якія прайшлі, паспрыяюць прасоўванню дэмакратыі ў Беларусі. Ці лічыць гэта віншаваннем або рэкамендацыямі беларускай наменклатуры - цяжка сказаць. Расеі няма чаго спяшацца з прызнаннем Лукашэнкі, у існуючых умовах Расеі акурат выгадна пакідаць гэтае пытанне падвешаным, да рэшты ня вызначаным. Нават калі ня браць пад увагу быццам бы існуючыя ў Крамля надзеі на ціхі наменклатурны пераварот у Менску, не цалкам цвёрдага ў нагах Лукашэнку ці, лепш, сказаць, Лукашэнку з лёгкай псіхічнай траўмай - такі ён значна больш зручны партнёр па перамовах, чым усімі прызнаны і любімы Лукашэнка.
Магчыма, маюць рацыю некаторыя канспіралагічныя версіі аб зацікаўленасці Расеі менавіта у такім - папуаскім - разгортванні беларускага выбарчага сюжэту. Але калі Расея і выступіла ў ролі злога змея-спакусніка, намаляваўшы перад Лукашэнкам салодкія перспектывы энергетычных прэферэнцый, ніхто канкрэтна яго пад руку не штурхаў частаваць дрынам уласны народ. Гэты выбар ён зрабіў самастойна, і Расея ў гэтым сэнсе - дрэннае алібі для дрэннага прэзідэнта. Нарэшце, колькі не падазраюць яго добразычліва наважаныя аналітыкі ў палітычнай гнуткасці і «пачуцці моманту», лавіраваць Лукашэнка, падобна, так і не навучыўся. У яго ўяўным свеце больш за дзве опцыі не змяшчаецца: альбо збліжэнне з Захадам (і, такім чынам, «прагрэс» у бок лібералізацыі), альбо - з Расеяй (усіх даўбнёй па галаве). Гэтая фатальная няздольнасць Лукашэнкі і яго элітаў уводзіць у гульню трэці, чацвёрты і інш. фактары можа вельмі негатыўна адбіцца на перспектывах узаемадзеяння з суседзямі (Украіна, краіны Балтыі, нафтаправод Адэса-Броды і інш) - і тады Расея зможа рабіць з Лукашэнка ўсё , што пажадае. І вельмі цяжка яе ў гэтым абвінаваціць, хоць часам так хочацца (ці не так, нашыя дарагія адэпты «нацыянальнай ідэі»?).
Сказанае не азначае, што Расея кінецца скупляць беларускае фамільнае срэбра (дзесятак пэўных прадпрыемстваў расейскія бізнесмены пагадзіліся б набыць, але на пэўных умовах і пры іншым бізнэс-клімаце) або пачне далучаць Беларусь у якасці дадатковай губэрні (у бягучы гістарычны момант ім гэтая дэпрэсіўная губэрня - толькі нагрузка на бюджэт, а славы мала), сказанае азначае, што дзякуючы "празарлівасці" нашых элітаў палітычная вага Беларусі ў рэгіёне працягне зніжацца. Сёння па гэтай вазе Беларусь саступае ўсім суседзям уключаючы Літву. А з Лукашэнкам лічацца менш, чым з кім бы ні было.
Нарэшце, некалькі словаў з нагоды рознага роду надзеяў, звычайна агучваемых экспертамі і журналістамі пасля заканчэння «выбараў». Часцей за ўсё гэтыя надзеі датычацца будучага агульнага змякчэння нораваў у эканоміцы і палітыцы. Знаходзяцца таксама смельчакі, што выказваюць рашучыя ідэі ў духу «эвалюцыйнага» перафарматавання сістэмы ў цэлым: паколькі ў Лукашэнкі «няма выйсця» і «няма грошай», ён вымушаны будзе пайсці на рэформы. У аснове ўсіх падобных футуралагічных версіяў ляжыць адна простая і, мажліва, менавіта па гэтай прычыне памылковая пасылка: матывы галоўных дзеючых асобаў з'яўляюцца вызначальнымі для сістэмы ў цэлым. Так, напрыклад, калі ва ўрадзе сканцэнтравана вельмі шмат персон, якія ўсведамляюць неабходнасць «прыватызацыі», то прыватызацыя будзе. Хацелася б ўскладніць задачу экспертам. Матывы палітычных агентаў - зразумела, важная штука, аднак, па-першае, існуюць такія рэчы, як палітычная культура і інстытуты, якія самі фармуюць глабальную сістэму стымулаў, а гэтая сістэма стымулаў фармуе матывы. Гэтыя матывы, па-другое, часта супярэчаць адзін аднаму, гасяць адзін аднаго і душаць адзін аднаго - так, што прадпрымальнасць, імкненне да прызнання і рызыкі часцяком душацца страхам, імкненнем да бяспекі і выключэння спаборнасці і канкурэнцыі. Нарэшце, апошняя серыя матываў парадаксальным чынам прыводзіць да ўзнікнення пагрозаў бяспецы для кожнага агента персанальна, паколькі «майстар-пароль» ўсіх гэтых матываў - бяспека для фетыша, інэртнага цела Лукашэнкі, сімвалізуючага непарушнасць сістэмы. Паспрабуйце ўявіць гэты даволі складаны пазл матываў унутры сістэмы матывацый - і вы рана ці позна прыйдзеце да высновы, што сістэма прынцыпова нерэфармуемая. Да таго часу, пакуль непарушны фетыш ня будзе ўведзены ў гульню на агульных падставах.
Калі ж выйсці за межы развагаў з нагоды матываў індывідуальных гульцоў, і ацаніць патэнцыял групавой гульні, то стане відавочная беспадстаўнасць надзеяў (напрыклад, Крамля) на наменклатурны пераварот.
Хто зробіць сур'ёзную стаўку на Пяткевіч і Макея, гэтых жаўрукоў еўрапейскай вясны? У беларускай эліце няма ўстойлівых груповак, здольных паміж сабой варагаваць і дамаўляцца. Мы ведаем, што КДБ нібыта ўвесь час канкуруе з КДК. Але гэта чыста структурная варожасць (за бюджэт і кавалачкі бізнесу), людзі, з якіх складаюцца гэтыя структуры, лёгка перасоўваюцца ў іншыя структуры. У элітарных наменклатурных пластах не склалася уплывовых фігур, на якіх можна было б ставіць. Не склалася менавіта ў сілу неабходнасці захавання галоўнага фетыша краіны. Можна сказаць, што Беларусь ахвяравала сваёй элітай дзеля гэтага.
Давайце коратка канстатуем: сістэма нерэфармуемая, палітычнага прагрэсу няма і не прадбачыцца, эканамічнай лібералізацыі ня будзе, ніякіх прарываў у знешняй легітымацыі рэжыму чакаць ня варта. Для ўмацавання і кансалідацыі рэжыму рэсурсаў таксама няма. З іншага боку, у сацыяльна-палітычнай сістэмы, пабудаванай у Беларусі, маса слабых бакоў. Напрыклад, сампадман наконт таго, што гэтая сістэма здольная прагрэсаваць - таксама яе слабы бок, па сутнасці сістэма ня здольная спраўляцца з пазаштатнымі сітуацыямі. Гэта ў прынцыпе азначае, што імпульс да яе перафарматавання павінен прыйсці звонку.
Імпульс - хто б пра гэта чаго не казаў - павінен ісці ад актыўных грамадзянаў.
P.S. Мы спадзяемся, што ўсіх затрыманых, якім мы ўдзячныя за тое, што сваімі актыўнымі дзеяннямі яны задаюць межы рэгрэсу сістэмы, у хуткім часе выпусцяць на волю.
Межы рэгрэсу
чцв, 2011-01-27 13:13
BISS