Беларускі знешнепалітычны індэкс

Прадстаўляем вашай увазе Беларускі знешнепалітычны індэкс за красавік-травень 2011 года, прысвечаны ацэнцы найважнейшых тэндэнцый у міжнародных адносінах з удзелам Беларусі. У гэтым выпуску мы аналізуем ужо пяць знешнепалітычных вектараў Беларусі: адносіны з Еўрапейскім саюзам, Расіяй, Кітаем, краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца, а таксама адносіны з Украінай.

Красавік і травень былі напоўнены важнымі падзеямі, якія адбіліся, у тым ліку, і на знешняй палітыцы нашай краіны. Суды над удзельнікамі падзеяў 19 снежня, тэракт у мінскім метро, валютны і эканамічны крызіс, пошук знешняга фінансавання ... Калі зірнуць на «ружу вятроў» гэтага перыяду, то няўзброеным вокам можна заўважыць істотнае скарачэнне знешнепалітычных вектараў. Іншымі словамі, поле для знешнепалітычнага манеўру ў беларускага кіраўніцтва няўхільна звужаецца, узмацняюцца тэндэнцыі самаізаляцыі. З аднаго боку, гэта можа сведчыць аб узмацненні рэпрэсіўных практык унутры краіны, а з іншага – сігналізаваць аб тым, што ў хуткім часе маятнік беларускай знешняй палітыкі хіснецца ў адваротны бок, на Захад. Некаторыя выказванні прэзідэнта і дзеянні ўрада ўжо рыхтуюць глебу для такога развароту.

Зычым вам прыемнага чытання і чакаем ад вас каментароў і прапаноў, якія дапамогуць нам зрабіць Індэкс лепшым і цікавейшым.

Поўны тэкст дакладу на беларускай мове ў фармаце pdf

BISS