Беларускае грамадства выключна прагматычнае ў сваім геапалітычным выбары, ў сілу чаго любы выбар, зроблены на падставе выключна грамадскіх прыхільнасцяў, будзе няўстойлівым і будзе зазнаваць пастаянныя ваганні. Такая асноўная выснова даследавання “Беларусь і свет: геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры”, праведзенага Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) сумесна з лабараторыяй аксіяметрычных даследаванняў НОВАК.
Даследаванне праведзена BISS і лабараторыяй НОВАК у першай палове 2010 года з мэтай выяўлення эканамічных і культурных фактараў выбару знешнепалітычных саюзаў і канфігурацыі бяспекі. Нацыянальнае апытанне, праведзенае па рэпрэзентацыйнай выбарцы (1071 рэспандэнтаў) ва ўсіх рэгіёнах краіны, ставіла задачу даследаваць узровень інфармаванасці грамадзян краіны пра адносіны Беларусі і ЕС, а таксама выявіць заканамернасці геапалітычнага выбару беларусаў. Напрыклад, ўзаемасувязь выбару паміж “Усходам” і “Захадам” і дамінуючых тыпаў палітычнай культуры ў беларускім грамадстве, а таксама іншыя, у прыватнасці, эканамічныя фактары геапалітычнага выбару. Выяўляючы гэтыя заканамернасці, BISS і НОВАК ацэньваюць устойлівасць геапалітычных перавагаў, рэалістычнасць тых ці іншых сцэнараў выбару, а таксама магчымасці ўздзеяння на гэты выбар шляхам адкрыцця доступу да інфармацыі і свабодзе перамяшчэнняў.
Даследаванне выявіла наступныя заканамернасці:
* Захоўваецца скрайне нізкі ўзровень разумення інстытуцыйных узаемасувязяў Беларусі і ЕС. У прыватнасці, веданне пра праграму Ўсходняе Партнёрства скрайне нізкая, не гледзячы на станоўчы імідж гэтай праграмы як у афіцыйным, так і ў альтэрнатыўным дыскурсе.
* Правал камунікацыйнай палітыкі ЕС у дачыненні да беларускага грамадства (калі такая палітыка ўвогуле мела месца). Беларускія ўлады цалкам перайгралі ЕС у інтэрпрэтацыі прычынаў увядзення санкцыяў супраць вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў. Прыпыненне санкцыяў была ўспрынятая грамадствам як прызнанне Еўрасаюзам сваёй паразы.
* Захоўваецца “біпалярнасць” геапалітычнай арыентацыі беларусаў з мінімальнай перавагай прыхільнікаў далучэння да ЕС. Пры гэтым геапалітычны выбар матывуецца двума фактарамі – сацыяльнай мабільнасцю рэспандэнтаў (здольнасцю скарыстацца магчымасцямі, якія адкрывае геапалітычны разварот, з прычыны ўзросту і адукацыі) і адпаведна ацэнкай балансу эканамічных даброт і стратаў у выніку рэалізацыі таго ці іншага геапалітычнага сцэнару. Каштоўнасная матывацыя геапалітычнага выбару адсутнічае амаль цалкам.
* Доступ да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі пра ЕС і магчымасць вольна падарожнічаць па Еўрасаюзу падвышаюць праеўрапейскія настроі ва ўсіх без выключэння сацыяльных групах на 20-30%. У той жа час, мы канстатуем поўны правал спробаў “еўрапеізаваць” масавую свядомасць пры дапамозе знешніх электронных СМІ (радыёстанцыі і тэлеканалы, якія вяшчаюць з замежжа). Ролю “еўрапеізатара” тут узялі на сябе найбольш мабільныя і сецевыя Інтэрнэт-СМІ.
* У плане сумяшчальнасці палітычнай культуры беларускага грамадства з “еўрапейскімі каштоўнасцямі”, беларускае грамадства ў нашмат большай ступені гатовае да прыняцця “палітычных” еўрапейскіх каштоўнасцяў (павага палітычных і грамадзянскіх свабод), чым “культурных” (павага да асабістай аўтаноміі, выбару стылю жыцця, веры, манеры паводзінаў, арыентацыі і інш).
BISS і лабараторыя НОВАК выражаць надзею, што дадзеныя і высновы даследавання будуць карысныя ў працы самага шырокага кола зацікаўленых бакоў, у прыватнасці, аналітычнай супольнасці, палітычных сілаў і асабліва кандыдатаў у прэзідэнты, ў чыіх праграмах важная частка будзе прысвечаная пытанням знешняй палітыкі і эканомікі, журналістаў, і асабліва, грамадзянскай супольнасці, у першую чаргу арганізацыяў, якія непасрэдна працуюць над пашырэннем кантактаў паміж Беларуссю і ЕС. BISS гатовы прадставіць дадатковыя кансультацыі зацікаўленым бакам.