Беларусь хоча знізіць кошт турыстычных візаў

Міністэрства спорту і турызму Беларусі накіравала на разгляд Савета міністраў прапановы па спрашчэнні візавага рэжыму для замежных турыстаў. Пра гэта распавёў дырэктар дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін. "Пасля ўхвалення прапаноў урадам яны накіруюцца на разгляд кіраўніка дзяржавы", - распавёў ён.

У якасці прапанаваных мінспортам варыянтаў значацца зніжэнне кошту візаў, адмена тарыфу за тэрміновасць нават да поўнай адмены консульскіх збораў, адзначыў Вадзім Кармазін, перадае БелТА.

У пачатку красавіка ўрадам Беларусі былі агучаны планы па аблягчэнні візавага рэжыму для замежных грамадзян, якія прыбываюць у краіну ў турыстычных мэтах. Візавы рэжым мяркуецца спрасціць з краінамі, грамадзяне якіх часцей за ўсё наведваюць Беларусь у турыстычных мэтах.

Па прагнозах мінспорта, аднаразовыя страты ад нявыплаты консульскага збору будуць кампенсавацца не толькі паступленнямі ад выдаткаў замежных турыстаў на спадарожныя паслугі і тавары. "Акрамя гэтага, у краіне будуць створаны дадатковыя працоўныя месцы, якія, у сваю чаргу, пацягнуць выплату дадатковых падаткаў і адлічэнняў у бюджэт. Пры гэтым наяўнасць візавага рэжыму значна зніжае канкурэнтаздольнасць турыстычнага прадукту і з'яўляецца дадатковым стымулам выбару іншай краіны для падарожжа", - лічыць Вадзім Кармазін.

Па дадзеных мінспорта, праз візавы рэжым колькасць замежных турыстаў, якія наведваюць Беларусь, за апошнія гады скарацілася. Так, у 2007 годзе з краін Еўрасаюза прыехала амаль 47 тыс. турыстаў, тады як у 2009 годзе іх было каля 25 тыс. - падзенне склала 1,9 раза. Змяненне тарыфаў консульскага збору для грамадзян Літвы з 5 еўра да 25 еўра прывяло да таго, што колькасць літоўскіх турыстаў у Беларусі скарацілася з 2007 па 2009 год у 3,1 раза - з 9,3 тыс. да 2,98 тыс. чалавек.

У цэлым колькасць выдадзеных грамадзянам краін Еўрасаюза, Японіі і ЗША візаў для ўезду на тэрыторыю Беларусі скарацілася з каля 463 тыс. у 2008 годзе да 388 тыс. у 2009 годзе. Акрамя таго, консульскі збор ад выдадзеных віз у 2009 годзе склаў 22,4 млн даляраў, тады як у 2008 годзе - 29,8 млн даляраў.

Тэлеграф